Беларускі Муракамі ў самвыдаце
Яшчэ ў 2015 годзе ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” павінен быў выйсці пераклад твораў Збігнева Жакевіча на беларускую мову, зроблены Таццянай Кляшчонак. Надышоў 2018-ты, але выданне “Віленскага трыптыху” замарожанае. Чаму? Наколькі важныя творы Жакевіча для сучасных беларусаў увогуле і для жыхароў Смаргоншчыны ў прыватнасці? Пра гэта наша размова з гісторыкам і краязнаўцам, перакладчыкам твораў Жакевіча з польскай мовы на беларускую Таццянай Кляшчонак.
"Трыптых Віленскі"
Таццяна Кляшчонак: Мы маглі б пазнаёміцца з творчасцю Збігнева Жакевіча яшчэ ў 1968 годзе, калі выйшла ў свет першая кніга трылогіі “Віленскі трыптых” пад назвай “Род Абачаў”, і тады б мы зразумелі, як высокамастацка можна любіць і апяваць зямлю свайго дзяцінства, радзіму продкаў, разважаць пра яе лёсы… Жакевіч – калі не памыляюся, адзіны заснавальнік плыні гімнічнай прозы – увесь твор “Род Абачаў” нагадвае драматычна-філасофскую паэму… Але тэма, якую Жакевіч узняў, з’яўлялася непажаданай у БССР – тэма анексіі Савецкім Саюзам зямель так званых Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны і лёсу тых, хто быў залічаны да “эксплуататарскага саслоўя”, тых, хто “заслугоўваў” высылкі або смерці.
Жакевіч быў сынам упраўляючага маёнткамі графа Тышкевіча ў Маладэчне і ўнукам небагатага памешчыка з-пад Крэва Аганоўскага (“Абача”). Пасля прыходу савецкай улады яго сям’я таксама чакала рэпрэсій, але маці вырашыла з’ехаць у аддалены маёнтак Аганоўскіх пад Крэвам і там схавацца ад пераследу. Перажылі вайну толькі Збігнеў і маці – астатнія родныя ў гэты час памерлі.
Малы Жакевіч з бацькамі
РР: Таццяна Іванаўна, як сталася, што вы пераклалі на беларускую мову такі складаны твор, як “Віленскі трыптых”? У свой час ваш пераклад быў ухвалены прафесарам Мальдзісам і рэкамендаваны да выдання ў серыі “Залаты беларускі кнігазбор”.
Таццяна Кляшчонак: Той самы няўрымслівы Адам Восіпавіч Мальдзіс, якога я лічу апекуном усёй плеяды айчынных краязнаўцаў і сваім добрым настаўнікам, падаў ідэю пазнаёміць нас, смаргонцаў, з аўтарам “Віленскага трыптыха”. Паведаміў адрас, падзяліўся фатаграфіямі і інфармацыяй. Ён быў асабіста знаёмы са Збігневам Жакевічам яшчэ з 1970-х гадоў, калі той прыязджаў у Беларусь прыватна, а пасля быў запрошаны ў Менск Янкам Брылём.
“Вядучым” у нашай перапісцы са Збігневам Жакевічам быў з самага пачатку Уладзімір Прыхач, мой былы дырэктар. Мы працавалі ў Смаргонскай гімназіі №4 і мелі шмат агульных зацікаўленасцяў. Жакевіч прысылаў вельмі падрабязныя і цёплыя лісты разам з сямейнымі фатаграфіямі і геаграфічнымі картамі той мясцовасці, дзе ён правёў цяжкія ваенныя гады (ваколіцы вёсак Паніззе Татарскае і Крэва). Неразборлівы почырк Жакевіча мне ўдавалася разабраць хіба з трэцяй спробы!
Першапачаткова мы шукалі ў творах Жакевіча толькі новыя краязнаўчыя матэрыялы для сябе і вучняў, а за пераклад я ўзялася праз некалькі гадоў, калі для гэтага склаліся спрыяльныя ўмовы і з’явілася больш часу. “Віленскі трыптых” расказвае пра жыццё на Смаргоншчыне ў 1939-1946 гадах, і гэта досыць вялікі па аб’ёме твор (прыкладна 500 кніжных старонак). Працуючы над перакладам, я змагла належным чынам ацаніць фенаменальную каштоўнасць гэтага твора для смаргонцаў і ўсіх беларусаў. Тут і апісанне рэальных падзей і канкрэтных людзей, адносін ва ўласнай сям’і, жыцця вясковага люду, шляхецкіх традыцый, беларускі фальклор і метафізічнае стаўленне да падзей жыцця.
РР: Чым менавіта для Смаргоншчыны з’яўляецца творчасць пісьменніка?
Таццяна Кляшчонак: Жакевіч піша пра Залессе – чыгуначную станцыю, сядзібу Агінскага… Дае нам сведчанне пра перадваенны і ваенны час, па-мастацку перапрацоўвае падзеі, малюе свае юнацкія перажыванні. Мы знаёмімся з апошняй уладальніцай маёнтка М. К. Агінскага пані Жэброўскай і апісаннем двух мемарыяльных пакояў князя, якія яна стварыла ў палацы… Пісьменнік не пазбягае тэмы дзеянняў савецкіх і польскіх партызанаў, лёсу мясцовых габрэяў і мясцовай адміністрацыі, якая дзейнічала ў Залессі і Беніцы пры немцах.
РР: Маем доўгачаканага заходнебеларускага класіка міжваеннага і ваеннага перыяду? Таго, хто змог пераступіць праз уласныя “класавыя крыўды” і прыняць палітычныя змены на зямлі сваіх продкаў? Хто праз уласны боль сцвярджае любоў?
Таццяна Кляшчонак: Так, ён пісаў пра нашу зямлю пранікнёна і з любоўю… “Віленскі Трыптых” – гэта беларуская “Вайна і мір”, а Жакевіч – буйнейшы за Кафку і Муракамі, разам узятых. Пры велізарнай савецкай сацрэалістычнай і шмат у чым аднастайнай літаратурнай спадчыне Беларусі даўно патрэбны быў свой літаратурны мастак, творчасць якога была б высока ацэнена ў свеце. Творчасць Жакевіча такой і з’яўляецца: ён лаўрэат шматлікіх міжнародных літаратурных узнагарод, кавалер польскіх ордэнаў Залаты Крыж Заслугі (1976), Крыж ордэна Адраджэння Польшчы (1989), медаля Камісіі Народнай Адукацыі (1998), Медаля Князя Мсцівоя (2000) і лаўрэат Узнагароды прэзідэнта горада Гданьска ў дзядзіне культуры (2003), чалец польскага ПЭН-цэнтру. Вы скажаце, што цяпер маладыя літаратары шмат пішуць і выдаюць, засноўваюць новыя плыні ў літаратуры, далучаюцца да ўжо існуючых модных трэндаў… Гэта так, і дай ім Бог як мага больш поспехаў! Але я кажу не пра пачынаючага, а пра ўжо гатовага сучаснага класіка і, не пабаюся, пра літаратурнага генія, які мог бы скласці гонар Беларусі на міжнародным узроўні і ў якога ёсць чаму навучыцца.
Збігнеў Жакевіч
РР: Якія яшчэ творы ёсць у творчым багажы Жакевіча?
Таццяна Кляшчонак: Збігнеў Жакевіч – аўтар больш чым 100 мастацкіх твораў для дарослых і дзяцей, літаратуразнаўчых артыкулаў, эсэ, звязаных з прадметам яго навуковых даследаванняў у Гданьскім універсітэце, дзе ён выкладаў рускую літаратуру (тэмай яго кандыдацкай дысертацыі была творчасць Ф. Дастаеўскага).
РР: Чаму ж узніклі такія цяжкасці з выданнем перакладу?
Таццяна Кляшчонак: У працэсе падрыхтоўкі выдання выявілася, што ў Жакевіча засталося шмат нашчадкаў, якія валодаюць аўтарскімі правамі… І сям’я пісьменніка была гатовая да перамоў з беларускім бокам, але на беларускім баку засталася я адна – такі сабе самотны перакладчык-падзвіжнік… Наша дзяржава не ведае пра Жакевіча, выданне “Віленскай сагі” не ўнесена ў планы дзяржаўных выдавецтваў… На той час, у 2010 годзе, я не лічыла прыстойным ехаць да родных Збігнева Жакевіча ў Гданьск і прыватна праводзіць нейкія афіцыйныя перамовы пра бясплатную перадачу мне аўтарскіх правоў. Гэта павінна быць дзяржаўным інтарэсам і дзяржаўнай справай, але вяртанне Збігнева Жакевіча ў Беларусь – справа майго жыцця, і я ад яе не адступлюся. Магчыма, давядзецца выкарыстоўваць дапамогу краўдфандынга, падтрымку польскіх дыпламатаў… А пакуль запрашаю ўсіх цікаўных звяртацца да мяне на старонку “Збігнеў Жакевіч” у фэйсбуку, дзе падаю ўрыўкі з трылогіі і знаёмлю з ілюстрацыямі і фатаграфіямі Жакевіча.
Жакевіч у Вільні на могілках Росы ў 1976 годзе
Жакевіч ля зборнай магілы польскіх легіянераў 1920 г. у Жодзішках Срэбнае вяселле Жакевіча і жонкі
РР: Ці прыязджаў Жакевіч у Беларусь незалежную, пасля 91-га?
На гэтым месцы знаходзілася сядзіба дзядулі Аганоўскага. Вёска Паніззе Татарскае Смаргонскага раёна
Таццяна Кляшчонак: Не, але ён прыязджаў у БССР у 1976 годзе і застаўся моцна расчараваны ўбачаным, таму што нічога не засталося на месцы дзядоўскай хаты – ні дрэваў, ні будынкаў… Нават той узгорачак, на якім стаяў дзедаў дом, быў зраўняны з зямлёй і на ім пабудавана калгасная ферма. Пустка чакала і на месцы бацькоўскага дома ў Маладэчне. Якое права мелі таварышы бальшавікі зрабіць такое злачынства? Ён не мог нікому задаць такое пытанне. Зрабілі сілай, што хацелі, – вось табе і правы! Была проста знішчаная тая Літва, тая Віленшчына, якую ведаў і любіў Жакевіч.
РР: Ці плануеце вы яшчэ што-небудзь перакладаць з твораў Збігнева Жакевіча?
Таццяна Кляшчонак: Я хацела б перакласці яго апошнюю аповесць “Гданьскія Смаргоні” – апісанне сустрэч і кантактаў з высланымі пасля вайны ў Польшчу жыхарамі Смаргоншчыны. Пакуль пераклала некалькі яго апавяданняў: пра зямлю Ашмянскага ўзвышша, пра наведванне Маладэчна і Жодзішак у 1976 годзе. Майго перакладу чакаюць тоўстыя кнігі ўспамінаў нашчадкаў Міхала Клеафаса Агінскага і ўспаміны нашых землякоў, якія жывуць у Польшчы.
Жакевіч перад касцельнай брамай у Жодзішках у 1976 годзе
Жакевіч у Жодзішках, 1976 год
Таццяна Іванаўна Кляшчонак шчыльна працуе над перакладам кніг земляка Збігнева Жакевіча ўжо больш за дзесяць гадоў, выдала кнігі перакладу самвыдатам і распаўсюджвае сярод сяброў… Тут няма ні камерцыі, ні прыбытку! Толькі шчырае захапленне талентам і жаданне падзяліцца ведамі з неабыякавымі аматарамі літаратуры ды гісторыі краю. Творчасць Жакевіча – шанец адчуць і пачуць тую Заходнюю Беларусь, якую мы страцілі ў віхурах гісторыі. Сям’я Жакевічаў павінна была трапіць у высылку ў Казахстан. Бацька пісьменніка да 1939 года працаваў дарадцам у графа Тышкевіча ў Ізабэліне пад Маладэчнам… І за такі шанец ведаць мы павінны сказаць “дзякуй” не толькі спадарыні Кляшчонак, але і аднаму з галоўных энкавэдзістаў горада Маладэчна, які разам з жонкай і двумя дзецьмі “падсяліўся” ў вялікую пяціпакаёвую кватэры Жакевічаў. І не хацеў падсялення “калег”. Жыццё – непрадказальная рэч.
Дар’я Ліс, Смаргонскі раён, Беларускае Радыё Рацыя
Фота прадастаўлены Таццянай Кляшчонак