Беларускі народны каляндар на 2020 год



Народны каляндар — гэта фальклорны каляндар. У яго аснове хранонімы, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў. Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы, у тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з’яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.

У народным календары на 2020 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і гэтак далей. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай /*/ пазначаны святы «рухомай» царкоўнай пасхаліі.

У наступным, 2021 годзе па каталіцкай пасхаліі Вялікдзень (Пасха) — 4 красавіка, а па праваслаўнай — 2 мая.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля.

Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у кнігах Алеся Лозкі «Беларускі народны каляндар» (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

Студзень

1. с. Новы год. ВКЛ пачало святкаваць яго ў студзені ў 1550 годзе, Расія — у 1700 годзе.

6. п. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Богаз’яўленне, Тры Каралі. Католікі праводзілі маскіраваны абрад «Тры каралі», або «Гэроды».

7. а. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…» Калядавалі. Насілі «звязду». Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы («вадзілі казу», «жанілі Цярэшку», «пяклі ката», гулялі ў «Яшчура» і іншае).

9. ч. Сцяпан. Дзень найму слуг, батракоў у мінулым. «На святога Сцяпана вышэй слуга за пана».

13. п. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці».

14. а. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. «Сею, сею, пасяваю, з Новым годам вас вітаю».

18. сб. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. «Каляда ад’язджае».

19. н. Вадохрышча (Кшчэнне). «Святое Кшчэнне ваду ксціла… свет ачысціла і ваду наверх пусціла», «На Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама».

20. п. Прывадохрышча — заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. пт. Аксіння«Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».

25. сб. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. «Вее вецер — будзе вайна».

31. пт. Апанас. Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз».


Люты

1. сб. Ігнат. «На Святога Ігната зіма багата».

2. н. Грамніцы, Стрэчанне. «Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы», «Грамніца — хлебу палавіца».

5. с. Агата. Каровіна свята. «Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты».

6. ч. Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце». Паўзіміца Аксіння. «На Аксіні мяце».

10. п. Пачатак Памінальнага, Дзедавага тыдня.

11. а. Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».

14. пт. *Дзедава пятніца. Валянцін. Свята закаханых. Трыфан. «На Трыфана зорна — вясна позняя».

15. сб. *Стрэчанскія Дзяды. Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася». «На Грамніцы палавіна зіміцы».

18. а. Агата.

22. сб. *Памінальніца. Канец Памінальнага тыдня. Калі «вея» ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак — то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер — то пакідалі «дзесяцінкі дзве».

24. п. *Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны, Сырапусны, Масленічны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі «калодкі» нежанатым хлопцам. *Дзень сустрэчы на Масленым тыдні. Мацей. «На Мацея дарога пацее», «На Мацея адліга — будзе мароз». Улассе. Свята жывёлы. «Аўлас на сыры лас».

25. а. *Заляцанне на Масленым тыдні.

26. с. *Серада Папяльцовая (пачатак Вялікага посту ў католікаў, да 11 красавіка). *Лысая серада. Праталіны-залысіны. Фаціння. Заступніца ад хвароб (ліхаманак, трасцы і іншых).

27. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. «На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі».

28. пт. *Цешчыны вечары.

29. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). «Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі». *Залвіцыны вячоркі.


Сакавік

1. н. *Масленіца. «Масленіца ў «вятху» (пасля поўні) — дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку». *Развітальны, або Дараваны дзень. *Гуканне вясны. «Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці». На Палессі вадзілі карагоды, «спявалі чырачку», насілі ёлку з вянком.

2. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту (да 18 красавіка). Паласкалі зубы гарэлкаю.

4. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі цераз пень. Казімір. «Святы Казімір дровы сякець і ў клад кладзець».

7. сб. *Зборава субота. Абрад «споведзі дзежкі».

8. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага календара. «Святы Ізбор упярод ступіць». Пачатак збору ў поле.

9. п. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

12. ч. Рыгор«На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора».

13. пт. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. сб. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1 сакавіка Новы год (Новае лета) у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). «Святы Еўдакей… пераступ года».

15. н. Хвядот. «На Хвядота занос — усё сена знясе».

17. а. Герасім Гракоўнік. «Герасім гракоў прыгнаў».

19. ч. Язэп«Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту» (забарона на шлюб). «На Язэпа пагода — год ураджайны».

20. пт. Веснавое раўнадзенства

22. н. Саракі. Было Новым годам/летам. Свята вясновага раўнадзенства. «Дзень з ноччу мераецца». «Святыя Саракі наперад пайшлі». Свята птушак. Прылятае сорак выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі». Пліска. «На святога Пліска праб’ець лёд і пліска».

23. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі «храсты». Засеўкі. Абрад «жаніцьбы коміна».

25. с. *Серадапосце. Выпякалі «храстцы». Дабравешчанне, Звеставанне. «І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам/летам. «Перша свята — нова летца, Благавешчан зямлю сушыць». Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора».

26. ч. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на «запасванне» кароў.

30. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца». Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою».


Красавік

1. с. Дар’я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

3. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.

4. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.

5. н. *Пальмова нядзеля. «Вярба б’е, не я б’ю». Арына. «На Арыну сей капусту ў расадніках».

6. п. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі «буславы лапы».

7. а. Благавешчанне. «Благавешчанне без ластавак — халоднае лета». Абрад «Страла».

8. с. Благуста. «На Благусту сей капусту».

9. ч. Матрона. «На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае».

12. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ у католікаў. *Вербніца.

13. п. Пачатак *Белага, Вялікага тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

14. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і «гаўядо» не напала «парша», трэба ўсё мыць. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. «Апрэль — нікому не вер». Мар’я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё драўлянае. Палікарп. «Пачатак бясхлебіцы».

16. ч. *Чысты чацвер. Ідуць у лазню. Абрад мыцця дзежкі. Мікіта. «Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам».

17. пт. *Чырвоная, Велікодная пятніца. Сеялі гарох.

18. сб. *Вялікая, Чырвоная субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

19. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ. «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!» Быў Новым годам. «Першае свята — свята Вялікадня».

20. п. Працяг *Велікоднага тыдня. «Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць».

21. а. Руф. Руф рушыць снягі.

22. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы тыдзень. «Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула».

23. ч. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою. Юры. (Новы год па задыяку). «Першае святца — святы Юр’я», «Як зязюля закукуе за дванаццаць дзён да Юр’я на «голы» лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла». Войцах. «Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху».

24. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою. Анціп — ахоўнік зубоў.

25. сб. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля як скварка».

26. н. *Праводная нядзеля. «Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла».

27. п. *Радаўнічныя Дзяды.

28. а. *Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць». Пуд. «Пуд снег пугне».

29. с. Арына. «На Арыну сей капусту на расаду».

30. ч. Зосім — ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.


Май

1. пт. Кузьма. «Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком».

3. н. *Міраносцы. «На Міраносця п’яныі бабы цігаюць адна адну за валосця».

4. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чарвякі.

5. а. Ляльнік. Свята Лялі — дачкі Лады. «Благаславі, маці, / Ой, Лада, маці! / Вясну заклікаці».

6. с. Юр’е. Свята жывёлы. «Як дождж на Юр’я — хлеб будзе і ў дурня». Абрад «Страла».

7. ч. Алісей. «Прыйшоў Алісей — авёс пасей». Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. пт. Станіслаў«Сей лён на Станіслава — вырасце як лава». Марк. «Дождж на святога Марка — дык зямля як скварка». Ярылавіца. Свята Ярылы.

13. с. Якуб. «На Якуба грэе люба».*Пераплаўная серада. Засцярогі ад граду і дажджу.

14. ч. Макарэй. Абрады ля вады.

15. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губерня). Барыс. Апякун поля і жывёлы.

18. п. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і.

20. с. Антоній. «На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца».

21. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Іван Веснавы. Апякун земляроба. «На Івана каласок, а на Пятра піражок».

22. пт. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. «Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена».

23. сб. Зілот. «Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота».

24. н. Макей. «Мокра на Макея — і лета не прасушыць». Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокра.

25. п. Епіфан. «На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае лета».

27. с. Сідары. «Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сіверы».

28. ч. *Ушэсце. Абрад «Страла». Пахом. «Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом».

29. пт. Магдалена«Зязюльку прысылае».

31. н. *Сёмуха, Зялёныя святкі, Святы Дух. Свята зелені. «На Духа будзе цёпла і суха». Шэсць дзеў. «Лён сей позні». Канапелька Матруна. «У зямлю махнула». Фядот. «Як на дубе апушка — у Фядота поўна аўса кадушка».


Чэрвень

2. а. Тры пакутнікі. «Няма лета, але пасля іх не бывае зімы».

3. с. *Градавая серада. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. ч. Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка».

5. пт. *Сёмушныя Дзяды. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

6. сб. *Духавая субота, Зялёная субота.

7. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі…». Ян. «Рой перад Янам — пчаляр будзе панам».

8. п. *Русальніца, Іван ды Мар’я. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі…».

9. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.

10. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь.

11. ч. *Божае цела. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне.

13. сб. Ерамей. Антоній«Антоні, аддай коні».

14. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі. Юстын і Харытон. «Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон — лён».

15. п. *Пятроўка (Петравіца). Пятроўскі пост да 11 ліпеня. Пятроўка-галадоўка.

16. а. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўраджай яравых.

18. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. «Дзеўяць ягодзін на ветцы».

19. пт. *Дзевятуха. Дзень засцеражэння ад навальніцы.

20. сб. Летняе сонцастаянне.

21. н. Тодар. «На Тодара раса — канапель паласа».

22. п. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер’і.

23. а. Купала. У старажытнасці — Новы год/лета.

24. с. Ян Купальны. «Сонца грае».

25. ч. *Дзясятнік. «Дзесятнік гнаі возіць». Анапрэй. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».

26. пт. *Дзясятка. «Косы точыць». «Жыта паспявае». Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост. Каровы «зыкуюць».

28. н. Амос. «Прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс».

29. п. Ціхан. «Пеўчыя птушкі заціхаюць». Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці». «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілья — ападуць і два».


Ліпень

6. п. Купалле. Свята сонца і кахання. «Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне».

7. а. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».

8. с. Данат. «Святы Данат коскі точыць».

10. пт. Самсон. «На Самсона дождж — сем тыдняў то ж». Сем братоў. «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды».

12. н. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. п. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. «На Сымана й Юды конь баіцца груды».

14. а. Кузьма і Дзям’ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жыта спеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям’ян сена грабе».

17. пт. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».

18. сб. Свята Месяца. «Месяц гуляе».

21. а. Казанская, Градавы дзень. Засцераганне ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп. Пракоп бок прыпёк.

25. сб. Якуб«На Якуба хлеба поўна губа». Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос.

26. н. ГаннаСнапы кладзе. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду.

29. с. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

31. пт. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Ільём). Дзень «зазубрывання» сярпоў перад жнівом.


Жнівень

1. сб. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні».

2. н. Ілья. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гнілля». «Укінуў у воду кусок ільда».

4. а. Мар’я. «Магдалена — вады па калена».

6. ч. Барыс. Палікоп. «Барыс і Глеб — паспеў хлеб».

7. пт. Ганны. «Святы Ганны бабкі стаўляюць».

9. н. Панцеляймон. Ацаляў ад хвароб галавы.

10. п. Лаўрын«На Лаўрына спяшай да млына».

12. с. Сіла. Жыта сей.

14. пт. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 27 жніўня.

15. сб. Прачыстая, Зельная. «Прыйшла Прачыста — стала поле чыста». Базыль. «Базыль авечкам воўну дае».

16. н. Антоны Віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак» — дзень выглядання нявест.

17. п. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. с. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. н. Лаўрэн — свята млынара. «Баўтрамей і Лаўрын паказваюць, якая прыйдзе восень».

24. п. Баўтрамей«Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей». «Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей».

27. ч. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. пт. Прачыстая, Зельная. Свята ўраджаю.

29. сб. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. «Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў».

30. н. Міроны Ветрагоны. «Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць».

31. п. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. Сухая навальніца або дождж.


Верасень

5. сб. Лупа. «Сей на Лупа — будзе жыта купа».

7. п. Баўтрамей. «Жыта на зіму сей».

8. а. Другая Прачыстая. «Меншая Прачыста — канчай сеяць начыста».

10. ч. Мацей. Абаронца ад п’янства.

11. пт. Калінавік, Іван Крываўнік. «Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й сам упрашу».

13. н. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. п. Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Сымон. Абрад «жаніцьбы коміна». (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 года). Бабіна лета.

19. сб. Цуды, Міхал. «Міхал з поля спіхаў».

21. п. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі збожжа. Засідкі.

22. а. Асенняе раўнадзенства.

24. ч. Тадора. «На Тадору ўсякае лета заканчваецца».

26. сб. Стаўроўскія Дзяды

27. н. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі — у кучу.

29. а. Міхал«Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор’е надзеі»Сіцыян«Святы Сацыян ды ляны пасцілаў».


Кастрычнік

2. пт. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць.

3. сб. Астап, Астаф’я. Прыкметы па ветры.

4. н. Пранцішак, Францішак. «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».

8. ч. Сяргей. «З Сяргея пачынаецца зіма». Жалезны тыдзень. Чысцілі жалезныя рэчы.

9. пт. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест. «Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова». «Святы Багаслоў да буракі капаў».

14. с. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку — вяночкам». «Пакровы — зарыкалі каровы». Дзявоцкае лета (да 21 кастрычніка). Прымалі «ў дзеўкі» сябровак.

21. с. Трыфан, Палагея. «Золкім ветрам вее». Зміцер. «Да Змітра баба хітра».

25. н. Марцін — свята млынароў. Частаваліся гусяцінай на млынавым коле. «Марцін святы — любіцель гагаты».

28. с. Сымон і Юда. «Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць». Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. ч. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. пт. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. сб. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў. Юльян — ахоўнік дзяцей.


Лістапад

1. н. Усе святыя.

2. п. Задушны дзень. Памінальны дзень.

4. с. Казанская. «Да Казанскай — не зіма, а пасля — не восень; зранку дождж, з вечара — снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабой прыхапі».

7. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. «Святыя дзяды, завём вас…».

8. н. Зміцер«Да Змітра дзеўка хітра»Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. п. Тодар«На Тадора поўна камора».

10. а. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. с. Настуся. «Настуся стрыжэ авечкі». Марцін. «Мядзведзь кладзецца ў бярлогу».

12. ч. Артошка. Пачатак прадзення.

14. сб. Кузьма-Дзям’ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. сб. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. н. Матрона. «З Матроны становіцца зіма».

24. а. Хвёдар Студзянец. «Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць».

25. с. Кацярыны«Кацярына забрала лета». Іван Міласцівы. Дзень падарункаў.

27. пт. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпоўскага посту (да 7 студзеня).

28. сб. Піліпаўка — перадкалядны пост (да 6 студзеня).

29. н. Адвент. Перадкалядны пост. Мацей. «На Мацея зіма пацее».

30. п. Андрэйкі. Дзявочае свята.


Снежань

4. пт. Барбара. «Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла». Увядзенне. Водзяцца ваўкі.

5. сб. Пракоп. Савы. «Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае».

6. н. Мікола«Хвалі зіму па Міколе». Матрыхваны. Не пралі.

7. п. Кацярыны. «Забрала край лета».

9. с. Юр’е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. «Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні».

13. н. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. п. Навум. «Наставіць на вум». Пачыналі вучыць дзяцей грамаце.

17. ч. Варвары. «Мікола і Варвара ноч урвалі».

18. пт. Савы, Міколін бацька. «Сава мосце, а Мікола гвоздзе».

19. сб. Мікола Зімовы. «Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».

21. п. Зімовае сонцастаянне.

22. а. Ганны. «Ганны — прыбавіцца багата дня». «Ганкі — палічаны дзянькі».

24. ч. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студзеня).

25. пт. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. «Свята Ражаство ўпярод пашло, новы гадок павёў радок». Спірыдон Сонцаварот.

26. сб. Сцяпан. Дзень найму батракоў у мінулым. «Кожны сабе пан».

31. ч. Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты. Марк. «Марка да Варка — няхай будзе парка».


Складальнік Алесь ЛОЗКА,  фалькларыст

zviazda.by

Фота Анатоля Клешчука