Беларускі падворак на „Фэсце нацыянальных культур”



У Гародні падчас „Фэсту нацыянальных культур” асабліва годна вылучаўся наш, беларускі падворак. Ён быў інтэграваны і ўяўляў сабою шырокую гаму нацыянальных рэгіёнаў: усіх абласцей краіны.

На падворках былі майстры, якія прывезлі цікавыя вырабы. Праўда, некаторыя мелі высокую, але апраўдана высокую цану. Кажа народная майстрыца са Старых Дарог, што пад Менскам, Галіна. Яна вырабляе кушакі і пасы з нацыянальнымі ўзорамі і арнаментамі, некаторыя маюць кошт больш за 400 рублёў.

– Традыцыйныя тэхналогіі. Ёсць, напрыклад, такі спосаб вырабу паясоў, як на ніту. Ён вельмі працаёмкі, але не складаны. Ты павінен выбраць узор, узорныя ніткі да кожнага рада, і чым больш гэтых нітак ёсць у радзе, тым больш працаёмкасць павялічваецца. Асабіста я і мая вучаніца працуем са старажытнымі ўзорамі.

Асабліва беларускі падворак, які размясціўся на ўсім пляцы Леніна, вызначыўся танцавальнымі і харавымі калектывамі. Прыехалі паўдзельнічаць у свяце таксама калектывы з Падляшша. Сярод іх – „Васілёчкі”, адзін з найстарэйшых калектываў Бельска-Падляшскага, якому ўжо 54 гады. Кажа ўдзельніца.

– Былі мы не адзін раз у Гародні, бо наш дырыжор Мікалай Фадзін і яго жонка, наш харэограф, таксама з Гародні. Апрача таго, мы часта бывалі на свяце „Фэст нацыянальных культур” ад Беларускага культурнага таварыства. Там раней усіх нас збіралі, якія працуюць у культуры. І тады мы прыязджалі на гэтае свята. Таму мы тут не першы раз. Усе песні нам прывозіць з Гародні наш дырыжор, гэта Мікалай Фадзін рыхтуе іх для нас.

Кіраўніцтва гарадзенскага аблвыканкама яшчэ паўгода таму абяцала зрабіць на фэсце паважны беларускі падворак і стрымала сваё слова. Беларускія народныя майстры і музыкі прадставілі сябе як найлепш.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота і відэа аўтара