Беларускі паэт, сын вялікіх патрыётаў



Беларускі паэт Юрка Геніюш нарадзіўся 21 кастрычніка 1935 года ў мястэчку Зэльва Ваўкавыскага павету ў сям’і лекара Янкі Геніюша і паэткі Ларысы Геніюш. Маці – Ларыса Міклашэвіч паходзіла з маёнтку Жлобаўцы, што паблізу мястэчка Воўпа (цяперашні Ваўкавыскі раён). Янка ж Геніюш нарадзіўся ў Крынках.

Неўзабаве пасля нараджэння сына сям’я Геніюшаў эмігравала ў Чэхаславаччыну, у яе сталіцу Прагу. Менавіта там прайшло дзяцінства Юркі Геніюша ў атмасферы беларушчыны, якой быў напоўнены эмігранцкі дом бацькоў. Янка Геніюш быў выдатным доктарам і меў працу. Юрка вучыўся ў пачатковай школе пры рускай гімназіі, пасля ў чэшскай гімназіі.

Калі ў 1948 годзе Ларысу Геніюш з мужам Янкам арыштавалі ў Чэхаславаччыне, каб выдаць саветам, дванаццацігадовага Юрку ўдалося пераправіць да сваякоў у Польшчу. Бацькі былі рэпрэсаваныя ў Савецкім саюзе, высланы ў канцлагер. Юрка ж вучыўся ў вячэрняй школе і працаваў у Вроцлаве, Глівіцах. У 1957 годзе пераехаў настала на Беласточчыну. Ён вывучыўся на дзіцячага лекара ў Медычнай акадэміі ў Беластоку, здабыў вядомасць як літаратар. Працаваў лекарам у Гарадку, з 1981 года – у Беластоку. Сябраваў з Сакратам Яновічам.

Як пісьменнік дэбютаваў на старонках “Нівы” 20 кастрычніка 1963 года апавяданнем “Прыкметы”. Праз два гады ў альманаху “Белавежа” была надрукавана кароткая падборка яго празаічных твораў: “Як знайсці хулігана?”, “Ой ты, доля мая”, “З апавяданняў старога сабакі Тарзана”, “Як мы арганізаваліся”. Першай значнай кніжкай на творчым шляху стаў “Зборнік сцэнічных твораў”, выдадзены ў 1976 годзе БГКТ. У альманаху літаратурнага аб’яднання “Белавежа” Юрка Геніюш выявіў новыя якасці свайго таленту, менавіта ў паэтычнай прозе, у прысвечаным выпускнікам Бельскага беларускага ліцэю “Смыком па сэрцы”, у “Запавеце” пісаў: “На добры лёс дзяцей. На тое, каб і мне ў свой час зямелька родная цяжарам не была. На тое, каб калісь сваім прылегчы з вамі”. Як беларускі паэт Геніюш перажываў за будучыню роднага слова. Пры жыцці апублікаваў у перакладзе на польскую мову зборнік паэтычнай прозы “Спачатку было толькі Слова…” (Беласток, 1981).

Юрка Геніюш нярэдка прыязджаў у Зэльву, дзе з 1956 года жылі бацькі. Прыязджаў і на пахаванне маці. Пра гэта расказвае ў сваёй кнізе “Імёны свабоды” Уладзімір Арлоў. Пра гэта піша і Міхась Скобла. Ужо на другі дзень пасля пахавання ў хату Геніюшаў заявіліся мясцовыя “актывісты” з ператрусам. Пратэсты Юркі Геніюша не спынілі старшыні пасялковага савету і яго памагатых, якіх прыслалі “даследаваць” архіў паэткі і знойдзеную антысавеччыну тэрмінова даставіць спецслужбам. Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Менск Адаму Мальдзісу, той – Алесю Адамовічу, які меў сувязі ў ЦК КПБ. Урэшце архіў Ларысы Геніюш удалося захаваць.

Як і бацькі, Юрка Геніюш цэлы час адчуваў пільную ўвагу спецслужбаў і загінуў пры нявысветленых абставінах праз два з паловаю гады пасля смерці маці. У 1993 годзе ў Беластоку выйшаў ягоны паэтычны зборнік “З маёй званіцы”, для якога, як і для ўсёй Юркавай творчасці, уласцівае – што пры такім лёсе цалкам зразумела – абвострана-драматычнае светаўспрыманне. Пасля смерці выйшла таксама кніга “Да свету” – у зборніку “Маці і сын” (Беласток, 1992).

Пахаваны Юрка Геніюш у Беластоку.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота belarusianheroes.com