Беларускі ПЭН-цэнтр ачоліла Таццяна Нядбай



Паэтка і менеджарка Таццяна Нядбай была абраная старшынёй Беларускага ПЭН-Цэнтра. З’езд гэтай пісьменніцка-журналісцкай арганізацыі адбыўся 5 лістапада ў Менску. На гэтай пасадзе яна змяніла паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча.

Фота: budzma.org

Першым намеснікам кіраўніка арганізацыі застаўся Павел Анціпаў. 

Другім і трэцім намеснікамі старшыні абраныя паэт і спявак Уладзь Лянкевіч ды літаратарка й перакладчыца Алена Казлова.

У ПЭН-Цэнтр уваходзяць каля 100 аўтараў. Ён уваходзіць у сусветную сетку «Міжнародны ПЭН-клуб». Сярод іншага, нацыянальныя ПЭН-цэнтры маюць права вылучаць кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію.

Ангельская абрэвіятура PEN утвораная ад першых літар слоў «Poets, Essayists, Novelists» («паэты, эсэісты, раманісты»). Цяпер арганізацыя прымае таксама журналістаў і выдаўцоў.

Сярод заснавальнікаў Беларускага ПЭНа былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Карлас Шэрман. Ён утварыўся ў 1989. Наша Ніва