Беларускі рэпер „Вожык” выступіў у Батумі
Прастора Loft 9919 у грузінскім Батумі стала месцам, дзе адбыўся выступ беларускага музыкі Зміцера Зайко, які больш вядомы як рэпер „Вожык”.
„Вожык” выканаў некалькі дзясяткаў сваіх твораў, якія былі напісаныя як у Беларусі, так і за яе межамі. Пра канцэрт кажа адзін з арганізатараў:
– Гэта легенда беларускай сцэны. Гэта важна, бо ў Беларусі беларускамоўны рэп фармаваўся менавіта сярод інтэлігенцыі. „Вожык” унікальны тым, што ён звычайны чувак з райцэнтра. Сянно, сенненскі інтэлігент, што само па сабе ўжо ўнікальна, я лічу. Плюс ён піша тэксты на працягу 17-20-ці гадоў, працягвае нешта рабіць. Гэта супер адметна, гэта важная постаць у Беларускай культуры агулам і беларускай музычнай культуры ў прыватнасці.
На думку выканаўцы, гэты батумскі выступ быў для яго самым адметным за ўвесь час:
– Канцэрт адбыўся ў самым атмасферным месцы, з тых, дзе я выступаў. У цёплай атмасферы, я адчуў сапраўдную атмасферу хіп-хопу з 90-х. Класна, што ў мяне быў шанец ад 2006 да 2023 праз песні распавесці пра увесь свой творчы шлях.
Канцэрт сабраў некалькі дзясяткаў беларусаў, якія апынуліся ў Батумі пасля рэпрэсій на Радзіме. Таксама падчас канцэрту адбываўся збор на дапамогу беларускім палітзняволеным.
Беларускае Радыё Рацыя