Беларускі тэатр на прыёме ў брытанскага караля
Наталля Каляда, сузаснавальніца беларускага «Свабоднага тэатру» 2 лістапада атрымала з рук брытанскага караля Чарльза ІІІ Ордэн Брытанскай імперыі за ўнёсак у развіццё тэатру. У студзені наступнага году падобная аўдыенцыя з уручэннем ордэну будзе ў Мікалая Халезіна, мужа Наталлі, а найперш сузаснавальніка «Свабоднага тэатру».
Такія тэмы прыемна раскрываць, бо яны грэюць сэрца. Прызнанне такога высокага ўзроўню датычыць усіх беларусаў. Стварыўшы ў 2005 годзе «Свабодны тэатр», Наталля і Мікалай не ведалі куды іх выведзе такі складаны і часта небяспечны шлях.
Бо ад пачатку «Свабодны тэатр» задумваўся і рэалізоўваўся як партызанскі праект. Пастаноўкі датычылі рэпрэсій у Беларусі, і людзей, якія як маглі супраціўляліся.
Дый сам тэатр існаваў паўпадпольна, спектаклі перыядычна зрывала міліцыя, удзельнікаў і гледачоў затрымлівалі.
Памятаю самы першы паказ «Свабоднага тэатру». Каб заканспіравацца, акторы разыгралі вяселле, быў зняты катэдж за Менскам, і ў такі спосаб абышлі міліцыянтаў.
Пасля была Плошча 2010 году, дзе выступалі Наталля і Мікалай, пасля складаныя ўцёкі ад лукашэнкаўскіх карнікаў.
Памятаю як вінавацілі «Свабодны тэатр» за адсутнасць беларускай мовы, памятаю шэкспіраўскага «Караля Ліра» беларускай мовай у лонданскім тэатры «Глобус» у 2020 годзе. Памятаю пастаноўку «Сабакі Еўропы» 2022 году паводле адной з частак аднайменнага раману Альгерда Бахарэвіча – беларускай мовай.
І канешне сёлетнюю оперу «Дзікае паляванне караля Стаха». Грандыёзны праект, трыумф падпольшчыкаў з 2005 году.
За трынаццаць гадоў выгнання «Свабодны тэатр» аб’ехаў усю тэатральную Еўропу, а таксама ЗША і Аўстралію. Фактычна тэатр стаўся нефармальнай амбасадай свабодных беларусаў.
Бо дзякуючы «Свабоднаму тэатру» у свеце дазналіся, што Беларусь – гэта не толькі Лукашэнка. Што гэта супольнасць годных людзей, якія фактычна знаходзяцца пад акупацыяй.
А таксама што беларусы адметная нацыя са сваёй мовай і культурай.
Апроч уласна тэатру, Наталля Каляда і Мікалай Халезін з адзінадумцамі ладзілі шматлікія акцыі салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі. Да акцый далучаліся вельмі вядомыя ў свеце тэатру і кіно асобы.
Ордэн Брытанскай імперыі, заснаваны ў 1917 годзе каралём Джорджам V, гэта свайго кшталту «нобэлеўская прэмія» для дзеячаў культуры розных відаў творчасці. Без грашовага эквіваленту, затое з каласальным іміджавым патэнцыялам.
Дзякуй, Наталля і Мікалай! Жыве!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя