„Беларускія адміралы Польшчы” ў Гародні
Унікальнае выданне па гісторыі марскога флоту Польшы „Беларускія адміралы Польшчы” прадставіў у гарадзенскім „Цэнтры гарадскога жыцця” гісторык Мікола Малішэўскі:
– Галоўныя героі – гэта нашы суайчыннікі, якія стварылі флот Польшчы, як даваеннай, так і пасляваеннай. Сённяшняя Польшча павінна быць удзячна гэтым людзям. Гэта ўраджэнцы, напрыклад, Віцебску, нашай Меншчыны. Яны адыгрывалі істотныя ролі, займалі не проста высокія пасады, а былі камандуючымі надводным і падводным флотам.
Паводле словаў гісторыка, у стваральнікаў польскага флоту вельмі складаныя лёсы:
– Лёсы розныя – трагічныя і гераічныя. Хтосьці дасягнуў самых вялікіх вяршынь, а потым трагічна загінуў, як напрыклад Магучы з Віцебшчыны – шляхецкі старажытны род. Адам Магучы стаяў у вытокаў флоту, сістэмы падрыхтоўкі марскіх афіцэрскіх кадраў Польшчы. Потым гэтаму чалавеку „аддзячыла” савецкая ўлада тым, што яго па сутнасці забілі ў турме, а потым праз тры гады рэабілітавалі.
Кніга „Беларускія адміралы Польшчы” была выдадзена на чатырох мовах. На сустрэчу з аўтарам прыйшлі гарадзенскія гісторыкі, краязнаўцы ды калекцыянеры, якія цікавіцца гісторыяй флоту.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня