Беларускія мастакі выставай «VOYAGE, VOYAGE» заклікалі больш вандраваць
5 ліпеня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адкрылася рэспубліканская мастацкая выстава «VOYAGE, VOYAGE». Яе куратар – вядомая беларуская мастачка, старшыня секцыі ДПМ БСМ Ірына Кузняцова.
Беларусы апошнім часам пабывалі не толькі ў шматлікіх краінах Заходняй Еўропы, але і на іншых кантынентах, у экзатычных краінах: у Амерыцы, Кітаі, Японіі, Афрыцы, В’етнаме, Індыі, Егіпце, Марока і г.д. Шмат у каго захоўваюцца выдатныя ўспаміны пра прыроду Грузіі і Арменіі. Мы – суседзі і творчыя партнёры Літвы, Латвіі. Знаёмства з культурай ўсіх гэтых краін, безумоўна, робіць унёсак у скарбонку развіцця шматграннай беларускай культуры. Прычым падарожнічаць можна не толькі па краінах, але і па памяці, па ўяўленню, па часе.
Удзельнічаць у гэтым праекце былі запрошаны мастакі ўсіх секцый, абласных арганізацый Беларускага Саюза мастакоў, усіх іншых творчых саюзаў краіны, маладыя мастакі, студэнты, мастакі іншых краін. Ніякіх абмежаванняў, ні па часе выканання работ, ні па ўзросце ўдзельнікаў, ні па колькасці работ, ні па памеры, ні па тэхніцы – ва умовах не ставілася. Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы выкананы ў розных матэрыялах: жывапіс, графіка, скульптура, кераміка, шкло, дрэва, камень, тэкстыль, скура, габелен, светлавыя кампазіцыі, інсталяцыя, фатаграфіі, кампутарная графіка.
Фота Таццяны Козік