Беларускія мужчыны спяваюць: пабачыў свет унікальны СD



У межах праекта “Традыцыя” выйшаў унікальны СD мужчынкіх песень. На ім – запіcы аўтэнтычных ансамблевых і сольных спеваў, пераважна з палескіх вёсак, сабраныя вядомымі этнамузыколагамі ў 70 – 80-х гадах ХХ стагоддзя. Гэта першая плыта ў сэрыі.

Выданне зроблена ў выглядзе маленькай кніжкі ў цвёрдай вокладцы з дыскам у капэрце. Кніжка ўтрымлівае тэксты і ноты песень, фотаздымкі, інфармацыю пра спевакоў і гурты. Усе апісанні і звесткі пра выканаўцаў перакладзены на англійскую мову. Падбор запісаў рабіла Таццяна Песнякевіч, лічбаваў Аляксей Глушко. Укладала і расшыфроўвала тэксты Ірына Мазюк. Дызайн вокладкі зрабіла Васіліса Паланіна. Мастэрынг Арцёма Петрашкевіча.

Праект “Традыцыя”, заснаваны музыкам і этнографам Сержуком Доўгушавым, накіраваны на развіццё і папулярызацыю беларускай традыцыйнай музыкі. Акрамя выпуску дыскаў у межах праекта ладзяцца канцэрты аўтэнтычных гуртоў, майстар-класы, спеўныя сходы і этнаграфiчныя экспедыцыі.

Мужчынскія спеўная традыцыя – адна з найцікавейшых з’яў беларускай культуры. Гістрычна склалася, што мы аб ёй ведаем вельмі мала. Выдадзена шмат кніжак з тэкстамі песень, але яны “маўчаць”, а мастацкая сіла, моц, прыгажосць традыці – у суладным шматгалосым гучанні, майстэрскім валоданні галасамі, у тэмбравым суладдзі і гармоніі старажытных мелодый. На дыску прадстаўлена невялічкая кропля таго масіву, які можна было б пры спрыяльных для нашай культуры ўмовах захаваць для нашчадкаў. Бадай, у кожнай вёсцы былі свае “карыфеі” спеву. Песня гучала ў святочныя дні, калі збіралася радзіна, на вяселлях, выправах, на пашы, у лесе, на возе ў далёкай паездцы… У той час, калі жачыны ў асноўным спявалі каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя песні, у мужчын быў адмысловы рэпертуар: маладзецкія, касарскія, бяседныя, лірычныя, вайсковыя, сацыяльныя, жартоўныя. Спявалі не для слухача, а дзеля ўласнага выражэння духу, уцехі для душы.

Дыск адкрывае мужчынскі спеўны гурт вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна у запісах этнамузыколага Зінаіды Мажэйкі 1968 і 1977 гадоў. На плытцы гучаць песні вёскі Тонеж таго ж раёна, запісаныя Зінаідай Мажэйкай у 1979 годзе. Яна “адкрыла” слухачам палескага самародка Сцяпана Дубейку. У збор увайшлі таксама песні мужчынскіх ансамбляў вёсак Гаўрыльчыцы Салігорскага і Мохаў Лоеўскага раёнаў.

Сольныя спевы на дыску прадстаўлены запісамі Рыгора Марэцкага і Фёдара Клімчука. Рыгор Марэцкі, жыхар вёскі Пірагі Дубровенскага раёна, выконвае валачобную песню, якую памятае з маладосці, калі сам прымаў удзел у валачобным абыходзе вясковых двароў. Фёдар Клімчук – вядомы беларускі мовазнаўца, дыялектолаг. Нарадзіўся ў вёсцы Сіманавічы Драгічынскага раёна. Ён унікальны знаўца фальклору гэтага палескага рэгіёна. Сам ведае і спявае амаль тысячу песень, “старовынных” і “новішчіх”.

Выказваем шчырую ўдзячнасць тым, хто паклапаціўся, каб гэтыя ўнікальныя запісы захаваліся для нас!

Прэзентацыя дыска пройдзе ў кавярні «Грай» 20 красавіка а 18.00.

budzma.by