Беларускія рэжысёры здымаюць свае фільмы з удзелу ў «Лістападзе»
Учора, 22 кастрычніка, падчас прэс-канферэнцыі „Лістапада” стала вядома, што цяпер дырэкцыя фестывалю не будзе прымаць удзел у выбары фільмаў для нацыянальнага конкурсу.
Канчатковае рашэнне будзе за камісіяй, на чале якой — першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.
У адказ на гэта сёння некаторыя рэжысёры паведамілі, што здымаюць свае фільмы з удзелу ў конкурсе, паведамляе tut.by.
Акрамя таго, стала вядома, што камісія не дапусціла да ўдзелу ў конкурсе „Лістапада” альманах „Драма” папярэдніх пераможцаў Мікіты Лаўрэцкага і Юліі Шатун (пры ўдзеле Аляксея Свірскага), а таксама новы фільм вядомага беларускага аўтара, рэжысёра „Масакры” Андрэя Кудзіненкі. У нацыянальны конкурс не трапіла і новая карціна беларускага дакументаліста, удзельніка шматлікіх міжнародных кінафестываляў Андрэя Куцілы — „Стрыптыз і вайна”. Прычыны адмовы аўтарам не тлумачацца.
Паводле апошняй інфармацыі, яшчэ адзін фільм, які не ўзялі для ўдзелу ў конкурсе, «Мая бабуля з Марса» Аляксандра Міхалковіча, будзе прадстаўляць Беларусь на прэстыжным фестывалі дакументальнага кіно ў Йіглаве.
25-ы па ліку кінафэст „Лістапад” пачнецца ў Менску 2 лістапада.