Беларускія цікавосткі ў “Беларускім алфавіце” Томы Пракоф’евай



У віцебскім краязнаўчым музеі адкрылася выстава графічных прац Томы Пракоф’евай.

Яна стварыла своеасаблівую беларускую энцыклапедыю, уключыўшы ў яе выявы помнікаў архітэктуры, славутых людзей, нацыянальных страваў, вытворчых брэндаў – усяго таго, што, на думку маладой мастачкі, можа быць цікавым і для замежных турыстаў, і для саміх беларусаў. Так, літару “Ў” суправаджае выява помніка гэтай літары ў Полацку, а літару “П” – ажно 8 выяваў: папараць-кветкі, пралесак, ансамбля “Песняры” і гэтак далей. Праца над праектам заняла некалькі месяцаў, кажа Тома Пракоф’ева:

– Я малявала, не адрываючыся, недзе два за паловай – тры месяцы. А да таго яшчэ пару месяцаў я збірала матэрыялы, размяркоўвала, што я буду туды ўключаць. Вядома, нашы беларускія брэнды, архітэктурныя помнікі, мясціны цікавыя. Насамрэч, у нас вельмі шмат сапраўдных літаратурных пярлін, хаця ўсе ведаюць толькі Нясвіжскі і Мірскі замкі. Прыкладам, ёсць у нас такі палац Буслоўскіх. Я сабе нават не ўяўляла, што такое ёсць у Беларусі! І вось, дзякуючы гэтаму праекту, я даведвалася вельмі шмат новага.

Да “Беларускага алфавіту” мастачка ўжо мела досвед стварэння “Віцебскага алфавіту” – расейскага алфавіту з тутэйшымі адметнасцямі, кажа каардынатар культурна-асветніцкай установы “Vitebsk4me” Уладзімір Булаўскі:

– Ідэя “Беларускага алфавіту” вырасла з “Віцебскага алфавіту”. Калісьці ў 2016-м годзе Тома Пракоф’ева удзельнічала ў нашым эксперыментальным конкурсе “Творчы чацвер”, яе праект “Віцебскі алфавіт” быў падтрыманы, мы надрукавалі банэр. Але, я думаю, паўплывала яшчэ й тое, што Тому запрашалі на майстар-класы ў Казахстан рабіць казахскі алфавіт. І гэта здорава, што ў сваёй новай працы яна звяртаецца да беларускай спадчыны, да вытокаў.

Мастачка прызнаецца, што добра не валодае беларускай мовай, але хацела б, каб з дапамогай яе алфавіту дзеці вучылі беларускія словы. А яшчэ – каб турысты больш даведваліся пра Беларусь. Таму на падставе “Беларускага алфавіту” яна хоча напісаць кнігу – даведнік з матэрыяламі на расейскай, беларускай і ангельскай мовах.

Ганна Ліпка, Беларуская Радыё Рацыя