Беларускія выдавецтвы презентуюць у Беластоку свае новыя кнігі (абноўлена)



Беластоцкія аматары папяровай кнігі атрымалі магчымасць наведаць Міжнародны кніжны кірмаш, які распачаў працу ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі. Бяруць у ім удзел і прыватныя выдавецтвы з Беларусі: “Arche”, “Выдавецтва гістарычнай кнігі Янушкевіч”, “Галіяфы” і “Кнігазбор”. У першую чаргу выдаўцы разлічваюць на ўвагу беларусаў Падляшша.

Кажа выдавец Андрэй Янушкевіч:

– Беластоцкія беларусы – гэта нашая асноўная аўдыторыя, на якую мы разлічваем, якая нас на гэтым кірмашы ніколі не падводзіць. Arche і Янушкевіч – гэта з большага кнігі гістарычнай накіраванасці, “Галіяфы” прадстаўляюць пераважна маладую альтэрнатыўную літаратуру, а “Кнігазбор” прадстаўляе кнігі нашых класікаў, масцітых пісьменнікаў. Асартымент даволі вялікі.

Міжнародны кніжны кірмаш працягне сваю працу да нядзелі.

Максім Жарнасек, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

22-24 красавіка ў Беластоку ў Падляшскай Оперы і Філармоніі (вул. Адэская 1) праходзіць V Міжнародны кніжны кірмаш.

logo_targi_2016

Свае кніжкі польскаму чытачу паказваюць выдавецтвы „ARCHE”, „Янушкевіч”, „Галіяфы” і „Кнігазбор”. Яны прывезлі з сабою новыя выданні – гэта перад усім гістарычная літаратура.

Многа таксама апошнім часам выдаецца дзіцячай і моладзевай літаратуры па-беларуску, адзначае Генадзь Вінярскі дырэктар выдавецтва „Кнігазбор”:

— Цяпер такая сітуацыя, што нават у школах, у старэйшых класах размаўляюць па-беларуску, ну можа крыху на трасянцы і гэта лічыцца моладзевым брэндам. Таму моладзь стараецца штосьці беларускае прыдбаць, штосьці беларускае купіць, штосьці беларускае прасунуць.

[Not a valid template]

Фота Васіль Кроква

[Not a valid template]

Таксама пройдуць прэзентацыі кніг польскіх аўтараў, якія пішуць пра суседнія з Польшчай краіны. У нядзелю кніжку пад назвай “Ніводнага вострава. Размовы пра Расею і Украіну” прэзентуюць Енджэй Маравецкі і Пётр Брысач.

Па словах суаўтара выдання і адначасова арганізатара кірмашу Пётра Брысача, гэта збор размоваў, якія закранаюць пытанні, важныя для Беларусі і Польшчы:

– У гэтым годзе мінае 25 гадоў з часоў развалу Савецкага Саюза. Мы распыталі шэраг польскіх рэпарцёраў, а таксама асобаў, якія займаюцца гэтай тэмай, адносна таго, што адбывалася з той 1/6 часткай свету напрацягу 25 гадоў, да якой належыць і Беларусь.

Апрача прэзентацыі кніг вядомых аўтараў, наведнікаў кірмашу ў Беластоку чакаюць майстар-класы па напісанні рэпартажаў, якія правядуць рэпарцёр Енджэй Маравецкі і фатограф Мацей Скавінскі. Свае кніжкі прэзентуюць Вацлаў Радзівіновіч (былы карэспандэнт „Газеты Выборчай” у Менску і Маскве), Адам Вайрак ды Марыюш Шчыгел.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя