Беларусы – адзіныя, хто выкарыстоўваюць назву жнівень
Чэшскі даследчык Якуб Марыян склаў мпау, на якой пазначана, як у еўрапейскіх краінах называюць восьмы месяц у годзе. Аказалася, што беларусы – адзіныя на кантыненце, хто выкарыстоўваюць назву „жнівень”.
Самая распаўсюджаная назва месяца – гэта August. У Старажытным Рыме тытул „Augustus” (Аўгуст – „велічны”) атрымаў Гай Актавій, прыёмны сын Гая Юлія Цэзара. Менавіта ў яго гонар быў названы восьмы месяц у годзе.
Другое месца па распаўсюджанасці займаюць вытворныя ад слова „серп”, звязанага з уборкай ураджаю (ужываецца ў Польшчы, Украіне і Чэхіі).
На трэцім месцы ірландскі Lunasa і гэльскі Lùnasdal. Яны атрымалі сваю назву ў гонар бога Лугі з ірландскай міфалогіі.
Акрамя „жніўня” (паходзіць ад слова „жніво”) на мапе можна ўбачыць літоўскі rugpjūtis („месяц, калі зразаюць жыта”), фінскі elokuu („месяц ураджаю”) і харвацкі kolovoz. Ён з’явіўся ад зліцця двух слоў: кола і voziti („вадзіць транспартны сродак”).
Таксама на мапе прадстаўлена некалькі іншых назваў. Яны ўжываюцца ў мовах паўночных народаў, якія не маюць сваёй дзяржаўнасці.