Беларусы анлайн заспявалі песню „Што й па мору”



Беларусы з розных краін свету заспявалі разам народную карагодную песню «Што й па мору». Паглядзіце-паслухайце. Да дрыжыкаў!

Грамадская кампанія «Годна» разам з музыкам Сержуком Доўгушавым, лідарам гурта Vuraj і стваральнікам ініцыятывы «Спеўны сход», запусціла штотыднёвы музычны праект «Спяваем Годна».

Сэнс яго: збіраць у анлайн-фармаце беларусаў з розных куткоў свету і спяваць вядомыя і знакавыя беларускія песні разам з іх аўтарамі і выканаўцамі.

У чарговым роліку «Спяваем годна» мы прэзентуем беларускую карагодную песню «Што й па мору». Карагод, які ўсіх яднае, асабліва ў гэтыя складаныя часы, калі нам трэба трымацца за рукі і быць разам.

Беларускія народныя песні адны з самых старажытных песень Еўропы. Паслухайце, гэта нешта магічнае:

У запісе паўдзельнічалі больш за 20 беларускіх фальклорных калектываў і сольных выканаўцаў.

Сярод якіх: гурт «Варган», «Рада», Gudа, Volia (ЗША), «Яваровыя людзі» (Канада), «Мярэжа», «Беларусы Прыбайкалля», H.S.P, Антон Бельскі (дуда), «Гаманіна», гурт з вёскі Дзятлавічы, Сяржук Доўгушаў (колавая ліра), Маша Яр, Вераніка Круглова, маладыя выканаўцы Улада і Соф’я, Патрыцыя Свіціна, Лізавета Рэўт і іншыя.

У запісе новых песень можа паўдзельнічаць кожны ахвотны. Каб не прапусціць навіны, далучайцеся да тэлеграм-канала і чата «Годна»: https://t.me/hodnaby.

Там Сяржук Доўгушаў будзе публікаваць анонсы і інструкцыі па новых песнях, а таксама даваць парады як правільна спяваць і граць, каб Яўгену Цярэнцьеву, які ў праекце адказны за вытворчасць відэа і гуку, было прасцей усё гэта зводзіць у адзін ролік.

Паводле прэс-рэлізу