Беларусы пачынаюць падрыхтоўку да Дня роднай мовы
З’явіўся чацвёрты электронны выпуск газеты ТБМ “Наша слова”. Рэдактар выдання Станіслаў Суднік у перадавым артыкуле “Набліжаецца Дзень роднай мовы” нагадаў, што 21 лютага беларусы будуць пісаць 15-ю Агульнанацыянальную дыктоўку. Яна будзе прысвечана 500-годдзю выдання “Малой падарожнай кніжыцы” Францішка Скарыны і 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Так што ўжо цяпер пачалася падрыхтоўка да гэтых юбілееў і напісання беларускай дыктоўкі.
“Наша слова” у свежым нумары распавядае таксама пра еўрапейскую малітву за Францішка Скарыну, пра новае прачытанне Змітрака Бядулі, пра тое, як у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі распачаўся цыкл лекцый, прысвечаны Году гістарычнай памяці.
Цікава чытаецца артыкул Уладзіміра Барысенкі пра расейскага спявака Уладзіміра Высоцкага, яго беларускія карані і сустрэчы на беларускай зямлі.
У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі крок за крокам збіраецца незвычайная калекцыя глінянага посуду – каштоўная спадчына нашых продкаў, якая адлюстроўвае гісторыю ганчарнага промыслу на тэрыторыі Лідскага раёна. Кожны з рарытэтаў па-свойму ўнікальны. Пакуль налічваецца каля 50 экспанатаў. Гэта вельмі стары посуд, які даўно выйшаў з паўсядзённага ўжытку. Але глянуўшы на яго, немагчыма адвесці вачэй ад гэтых вытанчаных формаў. Чаму гліняны посуд такі прывабны? У чым сакрэт яго прыцягнення? Пра ўсё гэта чытачы таксама даведаюцца з “Нашага слова”. Газету „Наша слова” чытайце тут.
Беларускае Радыё Рацыя