Беларусы правялі першую рэпетыцыю на сцэне «Еўрабачання»



Беларускі гурт NaviBand правёў рэпетыцыю на сцэне песеннага шоу ў Міжнародным выставачным цэнтры ў Кіеве.

Інтрыга конкурснага нумара беларускіх удзельнікаў заключалася ў тым, што артысты павінны «парыць» на сцэне. Эфект палёту створаны відэашэрагам на задніку сцэны, дзе з’яўляецца Зямля, якая ляціць, стылізаваныя выявы замкаў, сімволіка нацыянальнага арнаменту. Артысты спяваюць і танчаць на спецыяльным подыуме.

Упершыню са сцэны песеннага конкурсу прагучыць кампазіцыя на беларускай мове – «Гiсторыя майго жыцця». У студзені Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка сталі пераможцамі нацыянальнага адборачнага тура і атрымалі права прадставіць нашу краіну на „Еўрабачанні”.

Нашы суайчыннікі выступяць 11 траўня ў другім паўфінале пад нумарам 14. Першы паўфінал адбудзецца 9 траўня, а пераможца конкурсу вызначыцца падчас фінальнага шоу 13 траўня. Прамую трансляцыю трох канцэртаў правядуць тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24».

aif.by