Беларусы Вільні стварылі ініцыятыўную групу для адкрыцця новай беларускамоўнай школы



У суполцы «Беларусы Вільні» апублікавалі допіс, у якім бацькоў просяць прайсці ананімнае апытанне і паведаміць пра сваё жаданне аддаць дзіця ў беларускамоўную школу ў Вільні.

„Мы, беларускія настаўнікі, адукацыйныя прафесіяналы і вельмі матываваныя бацькі, стварылі ініцыятыўную групу для адкрыцця яшчэ адной беларускамоўнай школы. Каб распачаць узаемадзеянне з Дэпартаментам адукацыі Літвы і іншымі дзяржаўнымі структурамі, неабходна ведаць колькасць дзяцей, якія могуць стаць вучнямі такой навучальнай установы. Мэта – даць магчымасць атрымаць беларускім дзецям адукацыю на роднай мове, а таксама стварыць утульную атмасферу для беларусаў Вільні”.

Сёння ў Літве існуе толькі адна беларускамоўная школа – гімназія імя Францішка Скарыны ў Вільні. Бацькі беларускіх школьнікаў часта наракаюць, што патрапіць туды складана праз вялікую колькасць ахвочых.