Беларусы, якіх ушанавала «Белпошта» ў 2017 годзе
У 2017 годзе РУП «Белпошта» шчыра паклапацілася, каб ушанаваць памяць пра знакамітых беларусаў мінулых стагоддзяў. Дзеля гэтага рэспубліканскае прадпрыемства выпусціла шэраг прыгожых паштовых марак і канвертаў, прысвечаных асобам Беларусі.
У пачатку 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае канверт з арыгінальнай маркай «Жывапіс. Бархаткоў Антон Стафанавіч. 1907-2001». Канверт «Белпошта» прысвяціла беларускаму жывапісцу, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, які быў родам з Касцюковіцкага раёна. Антон Бархаткоў быў майстрам рэалістычнага жывапісу. Працаваў у жанры лірычнага пейзажу, партрэта і тэматычнай карціны. Канверт, прысвечаны Антону Бархаткову выйшаў накладам 50 тысяч асобнікаў.
У лютым 2017 года з друку выходзіць канверт з арыгінальнай маркай, прысвечаны Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю (1872-1957) – народнаму мастаку Беларусі, ганароваму акадэміку НАН Беларусі, жывапісцу-пейзажысту.
Не абышла ўвагай «Белпошта» і 150-годдзе з дня нараджэння Мітрафана Доўнар-Запольскага (1867-1934) – беларускага гісторыка, этнографа, фалькларыста, заснавальніка беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, прафесара Беларускага, Маскоўскага, Кіеўскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў.
Да яго юбілею быў выпушчаны канверт з партрэтам Доўнар-Запольскага.
Да 135-годдзя песняроў беларускай зямлі Янкі Купалы і Якуба Коласа “Белпошта” падрыхтавала і выпусціла спецыянальныя паштовыя маркі, прысвечаныя ім. У аснове марак ляглі партрэты песняроў мастака Міхаіла Савіцкага. Да першага дня гашэння былі выдадзены і спецыяльныя канверты на якіх адлюстраваны музеі песняроў у Менску.
Народныя пісьменнікі Беларусі Янка Брыль і Пімен Панчанка таксама былі ўшанаваны “Белпоштай”. Да іх 100-годдзя ў 2017 годзе свет пабачылі прыгожыя канверты з арыгінальнымі маркамі.
500-годдзе беларускага кнігадрукавання “Белпошта” адзначыла выпускам паштовай маркі і канверта першага дня. На марцы адлюстраваны партрэт Францыска Скарыны.
Выйшаў з друку і канверт, прысвечаны 125-годдзю Аляксандра Чарвякова (1892-1937).
Дзяржаўнага і партыйнага дзеяча БССР, які ў ліку пяці членаў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1 студзеня 1919 года падпісаў ў Смаленску Маніфест пра абвяшчэнне ССРБ.
Не пакрыўдзіла “Белпошта” і харавога дырыжора, фалькларыста, грамадскага і музычнага дзеяча, публіцыста, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага артыста Беларусі Рыгора Шырму (1892-1978). Да яго 125-годддзя быў выпушчаны спецыяльны канверт з арыгінальнай маркай.
Геадэзічнай дузе Струвэ прысвечаны паштовы блок і канверт Першага дня. На паштовым блоку змешчаны і партрэт Іосіфа Ходзькі (1800-1881) – беларускага геадэзіста і тапографа, які праводзіў трыянгуляцыйныя работы на тэрыторыі Гарадзеншчыны і Меншчыны, а таксама Латвіі і Літве.
7 снежня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне блок, прысвечаны выдатным вучоным Беларусі: Усеваладу Ігнатоўскаму (1881-1931), Паўлу Горыну (1900-1938), Васілю Купрэвічу (1897-1969) і Мікалаю Барысевічу (1923-2015).
Да першага дня быў выпушчаны і спецыяльны канверт.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя