Беластоцкаму драмтэатру – 70 гадоў
Сёння пагаворым пра Драматычны тэатр імя Венгеркі, які ў Беластоку існуе ўжо 70 гадоў і сёлета адзначае свой юбілей. І госця ў нашай студыі – дырэктарка беластоцкага драмтэатра Агнешка Карыткоўская-Мазур.
РР: Хацелася б пагаварыць пра тэатральныя падзеі тут, у Беластоку. Тэатру – 70 гадоў. З гэтай нагоды адбылася вялікая ўрачыстасць, прайшла прэм’ера спектакля. Ці на гэтай ўрачыстасці скончыліся падзеі юбілею тэатра? Ці чакаць нейкага працягу?
Агнешка Карыткоўская-Мазур: Маю надзею, што гэтае 70-годдзе тэатра стане не заканчэннем, а пачаткам новых 70 гадоў працы. Як правіла, урачыстасць складаецца з афіцыйнай і артыстычнай часткі. І падсумаванне гэтых 70 гадоў – час, каб задумацца, што рабіць далей, момант для новага старту.
У час юбілейнай урачыстасці былі адзначаны і ўзнагароджаны акцёры тэатра, а таксама мы адкрылі доўгачаканую галерэю. Там праводзім выставы. Дарэчы, у канцы гэтага года альбо ў пачатку наступнага пройдзе выстава аднаго з найлепшых беларускіх фатографаў – Максіма Шуміліна.
РР: Сапраўды, адбылася ўрачыстасць, на ёй было вельмі шмат гасцей. Брала ўдзел і ўсё мясцовае чынавенства: усе выходзілі на сцэну і гаварылі шмат добрых словаў. Якое ўражанне ў вас пакінула такая ўрачыстасць?
Агнешка Карыткоўская-Мазур: Я думаю, што гэта нармальна, калі падчас такіх падзей выступаюць людзі, выказваюць добрыя словы. Канешне, хацелася б, каб яны прыходзілі не толькі на святкаванні, але і падтрымлівалі тэатр, былі сталымі гасцямі нашага тэатра, бралі ўдзел у стварэнні культурнай мапы Беластока.
Асабіста для мяне штодзённая праца важнейшая за святкаванне. Безумоўна, такая ўрачыстасць патрэбна, яна добрая нагода для сустрэч. Але без штодзённай працы такія ўрачыстасці не маюць вялікага значэння.
РР: Вельмі шмат мясцовыя чыноўнікі казалі пра тое, што тэатр – вельмі важнае месца для Беластока, што ўсе яны падтрымліваюць гэты тэатр. Як гэта выглядае на сённяшні дзень? Ці сапраўды тэатр важны для беластачан і чынавенства?
Агнешка Карыткоўская-Мазур: Наш драматычны тэатр ёсць адзіным драмтэатрам у радыусе 200 км, які знаходзіцца ў месцы, дзе можна і трэба ўздымаць важныя тэмы. Што мы і робім.
Мне цяжка казаць пра тое, наколькі запатрабаваным ёсць тэатр. Я магу пра гэта меркаваць толькі па прысутных гледачах, якіх штораз больш.
Я веру, што тэатр – гэта місія. І, як кожная ўстанова культуры, ён павінен падрыхтаваць і выхававаць гледача. Без культуры няма грамадскай супольнасці. І тут важная роля належыць якраз тэатру. Ён важная пляцоўка на культурнай мапе не толькі Падляшша, а ўсёй Польшчы.
РР: А спрабуеце нейкім чынам аб’яднаць людзей каля тэатра? Магчыма, ёсць нейкі аматарскі тэатральны клуб? Як прывязаць людзей да тэатра, прымусіць іх хадзіць туды?
Агнешка Карыткоўская-Мазур: Я імкнуся не змушаць, а заахвочваць да гэтага. Тэатр – гэта месца сустрэч людзей з агульнымі зацікаўленнямі, месца для дыскусій. Мы праводзім таксама тэатральныя майстар-класы для асоб рознага ўзросту.
Для мяне важна, каб людзі мелі дачыннне да тэатра не толькі як гледачы, але сталі яго актыўнай часткай.
РР: Хацелася б пагаварыць яшчэ пра прэм’еру спектакля «Дзяды ІІІ», дзе Святлана Анікей выконвае адну з роляў. Атрымліваецца, беларускія акцэнты ўсё нарастаюць ля тэатра? Як у вас атрымалася гэта зрабіць? Вам насамрэч надалей цікава ўсходняя, беларуская тэматыка, беларускія акцёры?
[Not a valid template]
Агнешка Карыткоўская-Мазур: Думаю, добра і стала «ўпісваецца» ў наш тэатр разам са Святланай Анікей і Аляксандр Малчанаў. Яны разам будуць граць у спектаклі «Сонька» Ігнація Карповіча, прэм’ера якога адбудзецца ў сакавіку наступнага года.
Калі казаць шчыра, то гэтае зацікаўленне Беларуссю ёсць натуральнай тэндэнцыяй тут, на памежжы. І наяўнасць беларусаў у нас – найважнейшае. І гэта незапланаванае штосьці. Гэта натуральны працэс. Гэта вынік сяброўскіх сустрэч і тут, і ў Беларусі. Усе гэтыя людзі тут, бо на тое быў і ёсць час. Думаю, гэта не апошняя рэч, якую будзем рабіць разам з гэтымі людзьмі. І гэта тое, чаго можна сабе пажадаць і марыць, каб яно не скончылася.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Беларускае Радыё Рацыя і Бартэк Важэха