Беластоцкі драмтэатр запрашае на “Беласнежку”
Спектакль для дзяцей, а таму – вясёлы ды каляровы.
Чарговую прэм’еру прапануе Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі.
Каляровыя дэкарацыі ды касцюмы, а таксама шмат песень у пастаноўцы „Królewna Śnieżka”. Гэта драматычная інтэрпрэтацыя вядомай казкі братоў Грым пра Беласнежку і сем гномаў.
Рэжысёр спектакля Адам Бернацкі таксама зрабіў свой аўтарскі сцэнар паводле вядомай казкі. Ён перакананы, што спектакль стане сапраўды сямейным:
– Спадзяюся, што гэты спектакль будзе для ўсіх. Вядома, галоўным яго адрасатам з’яўляюцца дзеці. І мы пастараемся, каб гэтая казка была зразумелая дзеткам. Але і бацькі знойдуць тут шмат моўных ці сітуацыйных жартаў, якія будуць ім зразумелыя, якія спадабаюцца. Гэта падобна да таго, як са “Шрэкам”. Адрасуем спектакль да шырокай публікі, бо хочам, каб прыходзілі на яго бацькі з дзецьмі і не нудзіліся.
На прэм’ерныя паказы „Królewny Śnieżki” Беластоцкі драматычны тэатр запрашае 20 траўня а 16 гадзіне мясцовага часу. Спектаклі пакажуць таксама 21 траўня, 3 і 4 чэрвеня.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара