Беластоцкі дзённік Язэпа Драздовіча
У сакавіку 1933 года легендарны беларускі мастак Язэп Драздовіч па запрашэнні Таварыства Беларускай Школы прыязджае з Вільні ў Беласток, дзе займаецца афармленнем тэатральных дэкарацый для спектакляў, якія ладзіць драматычная секцыя ТБШ. Драздовіч вёў дзённік, частку якога прысвяціў беластоцкаму перыяду. На яго старонках мастак занатаваў уражанні ад горада, ТБШ і яго чальцоў, а таксама падрабязнасці штодзённага нялёгкага побыту. Упершыню дзённікі, якія ён вёў у 1930–1950-я, былі надрукаваныя ў 1991 годзе ў № 5-12 часопіса „Маладосць”.
Язэп Драздовіч 1920 г.
Сакавік
Учора з вечара я атрымаў запросіны паехаць у Беласток на працу. Сягодня большую палавіну дня патраціў на хадню – на агледзіны Лукішскага кірмашу – „Казюка”.
Кірмаш „Казюкі” ў Вільні
Вяртаючыся з кірмашу, зайшоў да Пеці, у ягоную майстроўню папрашчацца і, між іншым, на жарт пахваліўся, што еду ў Беласток жаніцца з адной з ягоных каляжанак-мастачак – родам з Беластоку… Пеця рад, што знайшоў сабе такую-сякую работу.
Вільня ў міжваенны перыяд
* * *
Рэчы спакаваны – еду… Ноч… у вагонах цесната – прыходзіцца ехаць напаўстоячы.
А вось ён і Беласток. Пераходны мост. Бяром звозчыка-фурманку і едзем наскрозь горада. Доўгая вуліца-праспект – „саджонка” – абсаджаная дрэвамі дарога.
Вуліца Юзафа Пілсудскага (цяпер вул. Ліповая) і касцёл св. Роха
Уражанне ад горада такое: вялікае старадаўняе сяло, не надта даўно перайшоўшае ў стан багацеючага горада, у якім адразу кідаецца ў вочы розніца між старымі і новымі будынкамі.
Старыя аднастольныя хаты ў перамежку з новымі мнагастольнымі камяніцамі.
Па свайму месцу распалажэння Беласток нічым не розніцца ад новаўзбудаваных Баранавіч – ні ракі, ні возера, ні прыгожых узгор’яў ці даліны.
Найпрыгажэйшая часць Беластоку – гэта каля гатыцкага касцёлу. Ад т. зв. ратушы да брамы палацу Браніцкіх.
Беластоцкая ратуша
* * *
Малюю шыльду на памяшканне Акружной управы Таварыства беларускай школы ў Беластоку.
Усё добра, ды холад – работа з рук валіцца…
* * *
Закончыў вітражныя шыльды кааператыва выдавецка-асветніцкага таварыства „Сяўба”. У левым акне па-польску, у правым – па-беларуску, а пасярод у дзвярах, намаляваў сяўца сівабародага ў белай вопратцы… (У Падгаллі)…
Сядзіба кааператыва выдавецка-асветніцкае таварыства „Сяўба” (вул. Ліповая 6, будынак не захаваўся).
* * *
Памагаў выбіраць закупку дэкаратыўных фарб для тэатральнай секцыі Таварыства беларускай школы ў Беластоку, дый моцна празяб, а ўсё праз свае дзіравыя пратаптаныя боты, якія працякаюць…
Звечарэла… Сяджу на даму, на кватэры, дзе таксама не без холаду – як хухнеш у паветра – пара відацца.
Вуліца Надрэчная
* * *
Распачаў у памяшканні клуба Т. Б. Ш. – на Купецкай 44-в – дэкарацыю вёска. „Вясковая вуліца”.
* * *
Закончыў тэатральную дэкарацыю для аматарскай сцэны Т. Б. Ш. у Беластоку „Беларуская вёска з вуліцай” у перспектыве.
Па падвячорку адбудзецца беларускі спектакль з камедыяй „Суд” У. Галубка – трэба быць.
Дэкарацыя „Беларуская вёска з вуліцай”
* * *
Распачаў маляванне дэкарацыі – ландшафту – для аматарскай сцэны Т. Б. Ш. Ды кепска працаваць.
Прымаразкі. Памяшканне не натапляецца. Холад.
* * *
Быў на сходзе сяброў Таварыства кааператыўнай выдавецка-асветніцкай суполкі „Сяўба”.
Студэнт гр. Орса прачытаў даклад аб паступовым развіцці беларускай літаратуры.
* * *
Дэкарацыя-краявід марэнна-лясістага характару (на воддаллі лес, узгор’е, рэчка, узгоркі, а па ўзгорках бярозавыя гайкі. Наўзбліжжу ўзмёт з альшынкамі і дубамі і г. д.) – закончыў.
Дэкарацыя „Краявід”
* * *
Зрабіў падгатоўку (выкрайкі і падмалёўка) бакавіц – лесу – для аматрскай сцэны Беластоцкай арганізацыі Т-ва Б. Ш.
* * *
Распачаў і закончыў аднакалёрную дэкарацыю клеяалейным спосабам на тоўстай паперы – для аматарскай фатаграфічнай майстроўні Б-віча, з пірамідамі, сфінксам і сонцам…
Выканаў – закончыў для гр. Б-віча і яшчэ адну (ужо 3-ю) дэкарацыю на паперы, вугалём: знізу куля Зямлі і цёмнага Месяца або іншых планет… Зверху ваўністае воблачча, а з па-за воблачча з розных пунктаў зверху ўніз, крыжуючы адзін аднаго – косы таямнічых лучоў. Беспадзячная праца.
* * *
Закончыў аднак алейную (светлаценную) дэкарацыю для фатаграфавання: лёгкахмарнае неба, куртына, парк, стаў, дарога, дрэвы – тапаляватая алея. Аддуха.
Беласток у міжваенны перыяд
* * *
Красавік
Дэкарацыю – тыльнік – „Пушча”, незважаючы на недахоп фарб, усё ж ткі закончыў. Няхай і яшчэ прыбавіцца хоць адной рэччу для ўпрыгожання аматарскай сцэны Беластоцкага Т. Б. Ш.
* * *
Памагаю, дзеля вольнага часу, гаспадару кватэры (на Васількоўскай, 61) Ваську Л. у агародніцтве. Гарод шмат лет не паханы, разрабляем. Васька адзінок – брата Андрушу забралі ў войска, а матка выехала да братоў пад Варшаву, сястра ж яшчэ вучыцца як матурыстка ў Наваградскай гімназіі, трэба памагчы і навучыць яго гароднічаць, як лехі пад цыбулю ды буракі разрабляць.
Пасадзілі дрэўцы – рабінкі.
* * *
Сягодня ў Супраслі ставіцца, пры маіх дэкарацыях, камедыя „Пашыліся ў дурні”. Сыгралі досыць удала. Публікі было шмат. А галоўнае – зацікаўленасць. Супрасляне аказаліся нашмат тэатральнейшымі за беластачан, якія ідуць на спектаклі толькі дзеля танцаў…
Драматычная секцыя беластоцкага ТБШ
* * *
Учора і сягодня меў прыемнасць аглядаць велічавыя велічавыя прыгожыя муры, як старадаўнейшы памятнік нашай краёвай беларускай архітэктуры – чатырохкутавежны харом манастырскага сабору.
* * *
Панядзелак
Дэкарацыі стоп. Няма за што купіць матэрыялаў. Наперш-найперш пару кіль творагу на казеінавую грунтоўку. Васька пабег у горад. А я ад нуды праз няма чаго рабіць заняўся з граблямі за расчыстку ад цэглы, каменя шкла ды рознага чарап’я ўспаханага грунту ў гародзе. Грунт гатоў – было б толькі насёна (бульба, фасоль, і г. д.).
* * *
Закончыў працу над дэкараваннем сцэны Т. Б. Ш. і памог устанавіць яе на сцэне ў заарандаванай на 16/IV зале на Ружанскай.
* * *
Адбыўся пры маіх дэкарацыях спектакль-вечарына. На сцэне ставілася п’еса Крапіўніцкага „Пашыліся ў дурні”. Сайгралі як найлепей. Сама сцэна з маімі дэкарацыямі мела выгляд надта прыстойны, ды, на вялікі жаль, цаніцеляў на ўсё гэта не хапала. Публікі было шмат. Моладзь уборная, франтаватая, але эстэтычна слаба развітая. Танцы…
Афіша спектаклю драматычнай секцыі ТБШ (1928 г.)
* * *
Распачаў і яшчэ адно велічэзнае пано – тыльнік „Пушча” на казеінавым грунце… Аж цэлае кілё свежага харошага сыру тварожнага пусціў на розбараксаваны клей – аж шкода – чаму б мне самому яго не з’есці – замест бы на палотны ды на абрус, у талеркі…
* * *
Прастуда і недаедкі… Халоднае і да крайнасці сырое (з мокрымі сутарэннымі мураванымі сценамі) памяшканне, а пробач з гэтым посніца і недаедкі зусім падарвалі мне мне маё здароўе… Ой, хоць бы хутчэй цяпло ды заробленыя грошы на дарогу, каб выехаць адгэтуль.
* * *
Прыйшоў на Купецкую, 44 у Т. Б. Ш. – каб закончыць абраздэкарацыю „Пушча”, ды, на вялікі жаль, прыходзіцца сядзець і нічога не рабіць – пакосту, клею і некаторых фарб не хапіла, а ў Таварыства, аказалася, няма грошай на дакупку.
Беластоцкая вуліца
* * *
Май
Работа па маляванні дэкарацыі „Пушча” паволі кратаецца наперад, сягодня распачаў накід пакоставай фарбай левага боку – узвал і паросшае хвойнікам узбярэжжа пушчы.
Дэкарацыя „Пушча”
* * *
Сягодня закончыўся цэлы тыдзень часу маёй капаніны па разраблянню з Ваькам ягонага гароду. Шмат гадоў пусткаваў гарод без ніякай карысці і, каб не я, не рада мая ды не мая праца – узнова астаўся б пусткаваць.
А аб запрацаваным на дэкарацыях ад Т. Б. Ш. – ганарары – ні слуху ні духу. Марная надзея. Хоць ты кінь, рынь, ды сабраўшы свае паношаныя праз доўгі час трохгоднага безрабоцця – лахі пад пахі, ды пехатой з паваротам на Вільню пусціся.
* * *
Свята. Нядзеля
Каму свята ды майская пара, а мне нуда-нудзішча, няма куды пайсці, няма куды дзявацца. Узноў адзін з нудой, бядой ды тугою…
* * *
Здароўе маё ад працы на гародзе – адным словам, ад здаровых фізічных рухаў ды і здаровай свежай і смачнай млечнай стравы, якую я сам вару для сябе і для Ваські на Васькінай кухні – прапраўляецца.
Усё добра і весела… Няма нічога прыямнейшага, як даваць жыццё раслінам – пахаць ды сеяць… Кожны дзень бачымся з дзвюма сімпатычнымі суседкамі-сёстрамі – п. Рэгінай і п. Вандай – заходзяць да нас кнігі пазычаць.
Беласток у 1930-х
* * *
Субота
Сягодня, як і праз усе гэтыя штодня тыдні, праработаў на разработцы Васькінага заляжалага на звальным пляцу гарода. Прыемна, што я змог па-прыяцельску дапамагчы яму ў гэтай цяжкай фізічнай працы. Гарод успахан, засеян рознага роду гароднінай. А груз, як шкло, каменні, іржавае залеззе, паўцагелкі ды рознае чарап’ё, зарылі ў глыбокія ямы. А далейшая праца – амен, бо вярнулася ад братоў сваіх ягоная прыдзірлівая ды і распушчаная, сварлівая мяшчанка-маці – памеха. Пры гэтай дурной і шалёнай бабе ніякая далейшая гаспадарчая праца немагчыма, бо ў хацевечны глас, „войны”, скандалы, з сынам і г. д. Дурная баба горай чорта. Хутчэй бы адгэтуль. Атрымаць свой доўг за працу ад Т. Б. Ш. ды ў Вільню, а адтуль на радзіму сваю Дзісеншчыну, на лета да сваіх.
* * *
Няма на свеце нічога брыдчэйшага, як язычлівая, сварлівая нагласць з бясстыдствам кабеты, паходзячай з гультайскага буржуазійнага асяродку, пры нізкім інтэлектуальным развіцці і маральнасці, з прэтэнзіямі дамініраваць сваім „я” над „я” іншых.
* * *
Меў сёння нараду з двумя сябрамі галоўнай управы Т. Б. Ш. аб выплаце мне за зробленае раней ганарару. Выяснілася, што ганарар будзе мне выплачаны толькі першага чэрвеня. А наразе замовілі мне новы экран „Замчышча” за 25 злотых грашмі і 3 метры парусінавага палатна, якое будзе куплена заўтра – 29. V.
Павятовы з’езд ТБШ у Беластоку (23 кастрычніка 1927 г.)
* * *
Распачаў і яшчэ адзін дэкаратыўны экран, на казеінавым грунце для тэатральнай секцыі Беластоцкага Т. Б. Ш. на адвароце „Пушчы” – „Замчышча” („На дзядзінцу старога замчышча”) – гэта ўжо па ліку чацвёрты экран.
А абяцанага Галоўнай управай учора для мяне палатна як няма, дык няма.
* * *
Дарысаваў і падмаляваў замкавыя вежы з брамы, з такім рахункам, каб глядзельнік адчуваў сябе на дзядзінцу, унутры замчышча… На жаль, фарбы выйшлі – далей няма чым рабіць.
Дэкарацыя „Замчышча”
* * *
Чэрвень
Дэкарацыя на тэму „Замчышча” закончана. Хай упрыгажаюцца на добрае здароўе.
* * *
Учора запрапанаваў аднаму з сяброў Акружной управы Т-ва Б. Ш. у Беластоку пастарацца на сягодня для мяне сваёю інстытуцыяй хоць бы, толькі грашэй, каб я мог купіць сабе білет на праезд з Беластоку да Вільні – аўтобусам. Але, на вялікі жаль, як даведаўся сягодня ад сакратара Ляшчынскага, і на гэткую суму ніяк не могуць здабыцца…
* * *
Перабраўся на новую кватэру ў Т. Б. Ш. на Купецкую 44-в.
Вуліца Купецкая
* * *
Субота
Сягодня адбыўся спектакльвечар Т. Б. Ш. Ставілася на сцэне (на Ружанскай 3…) драма Фр. Аляхновіча „Страхі жыцця”. Мот. Андрэйчык (ён жа і рэжысёр), Яблыкаў і паня Сідаровіч разыгралі драму вельмі добра. Толькі, на вялікі жаль, глядзельнікаў было вельмі мала. Добрая пагода і лона прыроды шмат людзей адабрала.
* * *
Голад…
Сяджу без грошай і без хлеба. Хутчэй бы ў Вільню ды адтуль на сваю радзіму Дзісеншчыну. Тры гады не быў на радзіме… Туга. Ды, на вялікі жаль, мушу сядзець і чакаць на запрацаванае. Няма ў Т-ва грошай. Няма з чым выехаць. Нават на аўтобус і таго няма.
Вуліца Заменгофа (1926 г.)
* * *
Голад…
Праз увесь дзень дасадаваў, што няма чаго курыць, ды і кончыліся прадукты харчоў, але на вечар напаткаў знаёмага чалавека, які ўгасціў мяне, з запасам, тытунём. Адзін з сяброў Т-ва прынёс мне ўнеспадзеўкі паўбулкі хлеба з чвэрцяй кілі кілбасы, а назаўтра запрасіў мяне к сабе на абед. Дай бог яму здароўя.
* * *
Хадзіў да аднаго з фатографаваў, якому было патрэбна дэкаратыўнае пано – „Мора”, за якое я быў умовіўшыся 12 зл. Думаў ужо прыступіць да працы, але, як на ліха, той, які мне гэтую працу нараіў і для якога я раней, як для сябра Т. Б. Ш., аж тры дэкарацыі намаляваў за ўгосціны – бясплатна (Б-віч), аказаўся тут супольнікам – усю мне справу папсуў, узноў жадаючы задарма… Хоць я і галодны, але плюнуў… Даволі з маёй бяды гэтых вызыскаў…
* * *
Закончыў два алоўкавых, з натуры, партрэты – п.п. Лізы і Гені (дочкі каменачоса на Выгодзе) – Геню ў профіль, а Лізу ў анфас, апошняй партрэт выйшаў вельмі прыгожым – прыгажэйшым за самую натуру.
Узноў сяджу, як той у мора чакаючы пагоды, і сам не ведаю, чаго дачакаю. Замажджуліла мяне ў гэтым Беластоку, застраў, як у тым бучы рыба…
Рынак Касцюшкі
* * *
Сягодня апаўдня я меў прыемнасць зрабіць экскурсію за горад – пад Васількоў і аддыхнуць, прылёгшы на ўзмётчыку непадалёку вадацяжнае вежы… Аднак і каля Беластоку шмат прыгожых ваколіц. Якія дзіўныя сінеючыя далі. Ой, што за краса ў гэтых воддалях з сізаватымі сценамі лясоў, а асабліва калі дзівіцца на іх, лежучы – вока над вокам.
* * *
Нядзеля
Прасядзеў увесь дзень дома…
Заняўся са свежай ахвоты (у каменачоса) скульптурай. Вылепіў з гліны для цэментовых нагробных памятнікаў прыгожанькую галоўку анёлка.
* * *
Ужо цэлы тыдзень часу як працую – скульптурую (раблю мадэлі анёлкаў на памятнікі ды адліваю фармоўкі) для аднаго каменачоса задарма, толькі за сталаванне, а ўсё праз тое, што не маю ад Т. Б. Ш. на ад’езд…
Пляц перад кафедральным касцёлам
* * *
Праца на рабоце за „госці” закончана. Гатоўлюся к ад’езду ў Вільню. 26/VI мушу выехаць з Беластоку. А дзеля гэтага выпусціў для зборкі паміж сяброў Т. Б. Ш. падпісны ліст – грошы на дарогу, на праезд. Пацярплю да заўтрага і пагляджу, колькі збяруць…
Трэба і да шаўца, падбіць падноскі. Боты пратапталіся…
* * *
Аказваецца, што выпушчаны мною па сябрах Т. Б. Ш. падпісны ліст на зборку грошай мне на дарогу – папаў у Васькіныя рукі, дзе і застраў. І па адабранню мною гэтага ліста ад яго – аказалася, што праз увесь час ён не прыдбаў для мяне ані аднаго падпісчыка, апроч тых траіх, якія падпісаліся ў маёй прысутнасці… Бо неафіцыяльны, але фактычны кіраўнік мяйсцовага Т. Б. Ш. – Васька – страшэнны вораг дакументальных грашовых справаздач…
Даўно пара палажыць канец гэтай эксплуатацыі грамадой ды аднога чалавека, якая паходзіць перад усімі ад ілжывага фальшывага „афэруючага” мною вядомага Ваські.
Канец майму 4-месячнаму палугалоднаму тут мытарству праз эканамічнае заняволенне…
* * *
На астатку, пасля немалога клопату, удалося Т-ву Б. Ш. раздабыць дваццаць пяць залатовак мне на дарогу. Дзякуй Богу! – магу выехаць. Не ведаю, што мяне там чакаець, але еду ў сваю старую Вільню…
Язэп Драздовіч (1926 г.)
Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя