Беластоцкі і менскі драмтэатры падпісалі дамову пра супрацоўніцтва



Не толькі тэатральныя эмоцыі, але і канкрэтныя супольныя праекты. Па выніках фестывалю «Напрамак Усход», які прайшоў у Беластоку, мясцовы драматычны тэатр і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі падпісалі дамову пра супрацоўніцтва. А гэта значыць, што варта чакаць на новыя беларуска-польскія тэатральныя праекты, – заўважае дырэктар тэатра беларускай драматургіі з Менску Уладзімір Карачэўскі.

– Нашыя адносіны працягваюцца і мы падпісваем новае пагадненне, дзе пералічаны тыя накірункі, у якіх мы будзем працаваць. Гэта і абменныя гастролі, і стварэнне сумесных праектаў, і ўдзел у лабараторыях і розных мерапрыемствах, які робяцца як на тэрыторыі Польшчы, так і на тэрыторыі Беларусі.

Першы фестываль «Напрамак Усход» прайшоў пазітыўна – заўважае намеснік дырэктара Беластоцкага драматычнага тэатра Малгожата Біль-Ярузэльская. Фестываль працягнецца ў наступным годзе, бо тэатр зацікаўлены падтрымліваць кантакты з беларускімі калегамі.

– Гэта добры момант, каб пазнаёміцца з беларускай літаратурай, але таксама з польскай літаратурай, бо вельмі цікава, як беларусы ўспрымаюць польскую і наогул сучасную еўрапейскую драматургію. Маем надзею, што праца ў гэтым кірунку будзе паспяховай, і на наступны год наш фестываль наведае яшчэ больш тэатральных калектываў.

У Беластоку ў межах тэатральнага фестывалю «Напрамак Усход» выступілі артысты Харкаўскага драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы