„Белы баль” у Вільні
“Белы баль” 3 снежня адбьўся ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні. Ён быў арганізаваны цэнтрам пры падтрымцы беларускага клуба сацыяльных і еўрапейскіх танцаў “Валошка”. Дрэс-кодам для ўдзельнікаў было белае адзенне.
На імпрэзу ў Цэнтр беларускай культуры завітала больш за 40 чалавек, заля ледзь змяшчала ўсіх прысутных. Сярод іх былі і госці з Індыі.
Як кажа кіраўніца клуба “Валошкі” Эла Мацвіенка, яна нават не чакала такой масавасці:
– Беларусы, шчыра кажучы, вельмі часта бываюць цяжкімі на пад’ём, а тут сабралася сапраўды шмат людзей, якім захацелася душэўна і добра правесці выходны дзень. Вельмі радуе гэта. Ну, і памяшканне не трашчыць па швах, добра так змяшчаемся, бо мы баяліся. Вельмі так файна.
Некаторыя беларусы Вільні прыйшлі на баль нават з маленькімі дзеткамі, каб з маленства далучыць іх да беларускай культуры.
– У першую чаргу я прыйшла сюды з двума дзецьмі для таго, каб яны не згубілі сваю ідэнтычнасць. Удзельнічаем першы раз. Цікава, але крыху не хапае антуражу – каб гэта было ці ў вясковай хаце, ці ў якім-небудзь палацы ў Нясвіжы ці нават дзе-небудзь у Ружанах сярод гэтых разбурэнняў, пару вогнішчаў навокал – і гэта было б вельмі цудоўна! А так тыя, хто гэта арганізаваў, вельмі стараюцца і атрымліваецца вельмі добра.
Удзельнікі “Белага балю” не толькі танчылі еўрапейскія і беларускія танцы, але і гулялі ў гульні. А падчас перапынкаў танцоры знаёміліся, фатаграфаваліся і частаваліся белымі прысмакамі з гарбатай і кавай.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя