„Белыя дні Менску. Наша мара пра Вольную Беларусь”
Віталь Алексяёнак, нараджэнец Вялейкі, знаходзіцца ў эміграцыі ў Нямеччыне ўжо больш, чым 5 год. Цяпер ён працуе дырыжорам у Мюнхенскім аркестры.
На замову нямецкага выдавецтва S. Fischer Verlag ён напісаў кнігу пра беларускі пратэст, у якім удзельнічаў у жніўні і верасні. Сёння ён распавёў “Радыё Рацыя” пра сваю кнігу, прэм’ера якой адбылася 24 сакавіка ў Франкфурце.
РР: Адкуль у Вас узялася ідэя для гэтай кнігі?
Віталь Алексяёнак: Ідэя ўзялася сама дзесьці ў паветры, таму што столькі ўсяго адбываецца. Я нават і не планаваў станавіцца пісьменнікам. Так атрымалася, што адно нямецкае выданне (S. Fischer Verlag) даведалася пра мяне, таму што я ўжо на той час напісаў некалькі артыкулаў у нямецкіх часопісах. Яны мне прапанавалі напісаць кнігу пра гэта. Пасля я з імі скантактаваўся, мы абмеркавалі, і вырашыў што паспрабую. Мы разам працавалі шмат месяцаў, і вось – кніжка выйшла.
РР: Як доўга Вы ўжо жывяце ў Нямеччыне, і чаму Вы туды прыехалі?
Віталь Алексяёнак: Я жыву ўжо 5 гадоў у Нямеччыне. Да таго я жыў нейкі час у Расеі, таму што з Беларусі паехаць на вучобу ў Еўразвяз было не так лёгка для мяне. У Нямеччыне я спачатку вучыўся на дырыжора, зараз працую – у мяне ёсць аркестр у Мюнхене, і як фрылансер я працую як дырыжор у Нямеччыне, Італіі ды іншых краінах. У мінулым годзе я стаў таксама актывістам, таму што беларуская сітуацыя стала для нас усіх вельмі актуальнай.
РР: Як гучыць назва гэтай кнігі ў перакладзе на беларускую мову?
Віталь Алексяёнак: Белыя дні Менску. Наша мара пра Вольную Беларусь.
РР: Чаму менавіта такая назва?
Віталь Алексяёнак: Па-першае, белы колер вельмі важны ў нашай мірнай рэвалюцыі – белыя бранзалеты, жанчыны ў белым, якія 12 жніўня выйшлі на пратэсты, белыя кветкі. І белы гэта таксама сімвал чысціні. Каб паказаць адрозненне ад гвалту – чорнага. Белая фарба – гэта чысціня нашых меркаванняў, думак, пачуццяў. Таксама на гэтай чысціні тая кроў, якая была пралітая, якая праліваецца і зараз – яна дала таксама нашу сімволіку – бел-чырвона-белую.
Для немцаў таксама працуе і моўная алюзія: Беларусь яны называлі Weißrussland – то бок “Белая Расея”. У іх, калі ведаюць, што зараз будзе гаворка пра Беларусь, таксама працуе на нейкім узроўні падсвядомасці: ” Weißen Tage”- белыя дні, белы, Беларусь – усё зразумела”. Таксама на такім моўным узроўні мы гэта абыгралі.
РР: Ці немцы ўвогуле ведаюць, што зараз адбываецца ў Беларусі, і як гэтую кнігу ўспрыняла нямецкая аўдыторыя?
Віталь Алексяёнак: Немцы ведаюць пра Беларусь, канешне. Немцам гэта было вельмі цікава ў жніўні, у верасні. А зараз, узімку, мы трохі зніклі з павесткі. Пандэмія, Дональд Трамп, выбары ў ЗША, і гэтак далей. Я не магу сказаць, што немцы зараз не пішуць ці не здымаюць пра Беларусь – нешта ёсць, але не так папулярна, як гэта было ўвосень ці ў жніўні. І зараз такія рэчы як мая кніга прыцягваюць зноў увагу нямецкай аўдыторыі.
РР: Які пасыл Вы хацелі даць нямецкаму грамадству гэтай кнігай?
Віталь Алексяёнак: Галоўная думка была такая, што наша ўлада, якую ўжо цяжка называць уладай – рэжым – ён утрымліваецца толькі на гвалце. А беларусы – мы як супольнасць, як грамадства – ужо значна далей – ужо спелыя для дэмакратыі, мы спелыя для нейкай новай Беларусі. Але нам зараз рэжым перашкаджае гэта зрабіць. То бок такі кантраст. Я і сам не адчуваў, не чакаў, што беларусы такія. Калі я быў у жніўні, калі ўсё гэта пачалося, то я ўбачыў, што ёсць адназначна чорны бок, і што ёсць адназначна белы бок.
Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя