Берасце святкуе 1000-годдзе
У Берасці пачаліся ўрачыстасці з нагоды 1000-годдзя горада. На розных пляцоўках адбываюцца канцэрты і забаўляльныя мерапрыемствы. Традыцыйна вялікая колькасць жыхароў і гасцей Берасця знаходзіцца на пешаходнай Савецкай, дзе штодзень перад заходам сонца штатны ліхтаршчык запальвае газавыя ліхтары.
“Ён ужо стаў візітоўкай нашага горада”, – кажуць жанчыны, якія прыйшлі на ўрачыстасці:
– Заставацца такім жа маладым, як зараз. Горад зусім малады – усяго 1000 гадоў. Вельмі моцна змяніўся. Я тут жыву з 80-га года. Пра ўскраіны ўвогуле нічога казаць не буду, бо там увогуле нічога не было, а зараз шыкоўныя спальныя раёны. Цэнтр горада вельмі памаладзеў, і, магчыма, горад малады таму, што ў нас вельмі шмат моладзі. І людзі вельмі пазітыўныя. А калі пазітыў, тады і маладосць.
– Мне горад вельмі падабаецца. Я другі раз у Берасці і проста ў захапленні ад гэтага горада!
Далей ад алеі ліхтароў, таксама на Савецкай ля помінка 1000-годдзя адбываецца канцэрт аркестраў. Акрамя таго, на плошчы Леніна пачаўся 10-ты, юбілейны штогадовы фестываль “Горад сонца”. Яшчэ раніцай, Берасце наведаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Адбыліся ўрачыстыя адкрыцці новай транспартнай развязкі “Заходні абыход” і новага, чацьвёртага па ліку, рыма-каталіцкага касцёла ў мікрараёне Рэчыца.
* * *
На цэнтральнай плошчы Леніна ў Берасці распачаўся музычны праект “Горад святла”. 10-ты па ліку фестываль рок-музыкі традыцыйна выпадае на святкаванне Дня горада, які сёлета праводзіцца ў верасні. Падрабязней кажа карэнны берасцеец, музыка і прадстаўнік арганізатараў “Горада святла” Ігар Муха:
– Кожны год для нас – гэта штосьці вельмі важнае. Гэта моладзевы праект. Дзесяць гадоў, гэта як школу закончыць. Падсумоўваем вынікі.
“Горад святла” – адно з дзясяткаў мерапрыемстваў з праграмы святкавання 1000-годдзя Берасця. У першы, пятніцавы, дзень урачыстасцяў найбольшая колькасць наведвальнікаў з усіх святочных пляцовак менавіта на “Горадзе святла”.
Святкаванні працягнуцца ў суботу і нядзелю.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце