Берасце: унікальная выстава ў цэнтры горада



У цэнтры Берасця на вуліцы Савецкай у выставачнай зале адчынілася ўнікальная філатэлістычныя выстава, якая сабрала больш за сотню экспанатаў з 11 краін.

Пра выставу распавядае адзін з яе стваральнікаў – кіраўнік Берасцейскага аддзялення саюза філатэлістаў Леанід Турын:

–  Прысвечаная 80-годдзю пачатку абароны Берасцейскай крэпасці. Абарона пачалася 22 чэрвеня, то бок якраз у гэтыя дні 80 год таму.

РР: Якія краіны прадстаўленыя на гэтай выставе?

–  Прыкладна па алфавіту – гэта Азербайджан, Армеія, Беларусь, Германія, Латвія, Расея,  Україна, Чэхія. На гэтай экспазіцыі прадстаўлены розны ўзрост – ад 13 да 83-ох год. З аднаго боку можа быць і пенсінер, і малады або “Клуб юных філатэлістаў”. І дзеці збіраюць маркі, і дарослыя, каму цікавая гэтая тэма, тыя і збіраюць.

Адзін з самых цікавых экспанатаў прадставіў Ігар Федасенка з Івацэвічаў:

– На гэтай выставе я прадстаўляю сваю экспазіцыю “Тадэвуш Касцюшка: за вашу і нашу вольнасць”. Гэта тэматыка – біяграфія Тадэвуша Касцюшкі, якому ў гэтым годзе 275 гадоў. Гэта так званы адкрыты клас, дзе могуць прысутнічаць і нумізматыка,  фалерыстыка, баністыка, таму што тэматыка Тадэвуша Касцюшкі не вельмі прадстаўленая ў філатэліі. Гэта дзясятак марак польскай пошты і, можна сказаць, што па асобнасці па адной штуцы беларускай, літоўскай і ЗША.

Экспазіцыя прадстаўляе гісторыю пошты Берасцейшчыны, падзеі звязаныя з Першай і Другой сусветнымі войнамі, а таксама розныя сферы і тэмы філатэліі. Наведаць выставу можа любы жадаючы цягам бліжэйшага тыдня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча