Берасцейскаму ваяводству ВКЛ спаўняецца 450 гадоў



Сёлета спаўняецца 450 гадоў з часу ўтварэння Берасцейскага ваяводства ў складзе ВКЛ якое пад уласным гербам „Пагоня” праіснавала да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г.

800px-Navahradak,_Bieraście_(Partie_de_Lithuanie,_1665)

„Нягледзячы на тое, што гэтая веха значная для гісторыі Берасцейшчыны, аднак прамоцыі яе ў грамадска-культурным жыцці рэгіёна назіраць пакуль не выпадае”, – лічыць краязнаўца Ігар Бараноўскі:

– Фактычна асноўная частка яго сёння – гэта Берасцейская вобласць без паўночна-ўсходняга кутка. Пэўная такая наша заходне-палеская тоеснасць у гэтым ваяводстве рэалізавалася, магчыма яна ўжо тады адлюстравалася ў свядомасці тагачаснай шляхты. Берасцейская шляхта ў адрозненні ад валынскай і падляшскай шляхты захацела застацца ў Вялікім Княстве Літоўскім.

У сваю чаргу на базе цэнтра „Грунтоўня” адбыўся круглы стол прымеркаваны да ўгодкаў утварэння Берасцейскага ваяводства, дзе абмеркавалі магчымасьці адзначэння юбілею:

– Новы статус тэрытарыяльнага цэнтра для горада вельмі станоўча паўплываў на развіццё культуры, на эканамічнае развіццё. Адзначаць гэтую дату мы будзем, плануем невялічкую інфармацыйна-асветніцкую кампанію. Зразумела, што летні фармат прадугледжвае забаву і адпачынак. Мы хочам правесці летнік на прыродзе на мяжы Берасцейскага ваяводства.

Нельга сказаць што ўзгадак пра гістарыяграфію Берасцейскага ваяводства з боку афіцыйных уладаў зусім няма. У лесвічным пралёце мясцовга аблвыканкама вісіць шыльда з імёнамі ваяводаў і датамі іх кіравання. У гарадской жа прасторы шырока адзначаюцца ў асноўным даты звязаныя з падзеямі Другой сусветнай вайны.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце