Берасцейская Мова Нанова прысвяціла заняткі Караткевічу



З нагоды 85-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, паэта, драматурга Уладзіміра Караткевіча Берасцейская “Мова Нанова” прысвяціла заняткі беларускаму класіку. У госці да студэнтаў моўных курсаў, завітаў стрыечны брат пісьменніка Георгій Грынкевіч, які жыве ў Берасці і які з’яўляецца жывым сведкам эпохі творцы. На пытанне, ці мог Караткевіч за свае творы атрымаць Нобелеўскую прэмію па літаратуры, ягоны стрыечны брат адказаў:

— Так. Мог. І гэтае пытанне не дае мне спакою. Ён марыў напісаць дзесяць тамоў, але заўчасная смерць жонкі і іншыя абставіны, а потым такая загадкавая смерць ягоная. Я, калі гаварыў з Рыгорам Барадуліным: ну як так раптоўна мог памерці Уладзя, дык ён неяк цьмяна сказаў, што страўнік ягоны быў, як друшляк.

Агулам на тэматычнай сустрэчы прысутнічалі каля 40 асобаў, некаторыя з іх чыталі вершы Уладзіміра Караткевіча. Ужо традыцыйна, была праведзена віктарына на тэму ведаў у галіне літаратуры, пераможцы якой атрымалі памятныя прызы.

 Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце