Берасцейцам на адзін дзень прадставілі арыгінал гравюры Дальберга



Берасцейцам на адзін дзень прадставілі арыгінал гравюры XVII века “Аблога Берасця шведамі”, аўтарства Эрыха Дальберга.

На ёй змяшчаецца выява страчанага старажытнага горада, якую і дагэтуль мастакі выкарыстоўваюць у афармленні сваіх праектаў, звязаных з Берасцем. Выстава адбывалася ў межах праекта “1000 ідэяў для Берасця”, арганізаванага мясцовым Фондам развіцця Берасцейскай крэпасці на вечарыне ў археалагічным музеі “Бярэсце”. Падрабязней пра значэнне гравюры кажа прадстаўніца арганізатараў Алена Каховіч:

– У любым выпадку – гэта сімвал для ўсіх берасцейцаў, сімвал нашай гісторыі, сімвал старога Берасця. І так як Фонд спецыялізуецца непасрэдна на тэме будаўніцтва і перабудавання крэпасці, гэта больш пазнейшы перыяд, але тым не менш, мне асабіста падаецца, што музей “Бярэсце” – гэта тая кропка, якая аб’ядноўвае напластаванні берасцейскай гісторыі.

Акрамя ўласна гравюры, наведвальнікі музея пабачылі і саму экспазіцыю, а таксама анімацыю з выявамі будынкаў і планаў ад часоў засанавання Берасця і да сучаснасці. Большая частка з тых будынкаў ужо страчаная.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце