Берасцейцам прадставілі адзін з сімвалаў горада



Берасцейцам прадставілі адзін з сімвалаў горада – сярэднявечную фігуру шахавага караля. Прэзентацыя адбылася ў межах праекту Абласнога краязнаўчага музею пад назвай „12 артэфактаў”, прымеркаванага да 1000-годдзя Берасця.

Супрацоўнікі ўстановы адзначылі фігуру караля як адзін з найбольш каштоўных прадметаў, знойдзеных на тэрыторыі старажытнага горада. Знойдзены ён быў у археалагічным слоі 12-13 стагоддзя, у заходняй частцы паўднёвай вуліцы раскопа сярэднявечнага Берасця, у 1973 годзе. Дакладная дата вырабу знаходкі невядома, але з улікам стылістыкі ейнага выканання, фігуру можна аднесці да мастацтва раманскай эпохі. Таму гіпатэтычна, кароль мог быць створаны раней за 12 стагоддзе.

Цягам бліжэйшага месяцу арыгінал фігуры караля можна будзе пабачыць у адной з залаў Берасцейскага абласнога краязнаўчага музею. Такім чынам, прадстаўлены ўжо два з дванаццаці артэфактаў музейнага праекту, прымеркаванага да 1000-годдзя Берасця. Першы з іх быў арыгінал самшытавага грэбеню з надрапанымі кірылічнымі літарамі алфавіту, знойдзенага ў раскопе старажытнага Берасця.

Беларускае Радыё Рацыя