Берасцейцы стварылі ўнікальную мапу горада



Група берасцейцаў выпусціла мапу абласнога цэнтра, дзе размешчаны самыя прыкметныя і цікавыя месцы Берасьця. Аналагаў такой мапы ў Беларусі пакуль няма, – сцвярджаюць ініцыятары праекта.

Ідэя стварэння турыстычнай мапы належыць кіраўніку кансалтынгавага агенцтва «Propus» Яўгену Скрабутану. Мапа ўяўляе сабой ліст фармату А3, на адным з бакоў якога — цэнтр горада з назвамі вуліц і ўказаннем аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры: музеяў, тэатраў, цэркваў ды касцёлаў. На другім баку  адзначаны кавярні, рэстараны, гасцініцы, крамы і кропкі з сувенірамі. Мапа выйшла на польскай і англійскай мовах і разлічана, у першую чаргу, на заходніх турыстаў.

– Плануем яе ўдасканальваць, таму што ў горадзе з’яўляюцца новыя цікавыя месцы. Мы іх будзем дадаваць на карту і кожны новы тыраж, які мы плануем выпускаць прыкладна раз  у два месяцы, будзе змяшчаць іншую інфармацыю. Розныя цікавосткі пра горад, важныя даты, а магчыма зробім нават штосьці для Гародні. Таму што ёсць зацікаўленыя людзі, якія хацелі б бачыць аналаг такой карты ў Гародні.

Са слоў Скрабутана, мапа пакуль надрукаваная накладам 2 тысячы асобнікаў, але яе плануецца перыядычна дадрукоўваць. Мапу раздаюць бясплатна ў польскім консульстве, рэстаранах і гасцініцах Берасця.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота thepicta.com