Берлінскай дзяржбібліятэцы падаравалі перавыданне Скарыны
Берлінскай дзяржаўнай бібліятэцы перададзена ў дар факсімільнае выданне „Кніжная спадчына Францыска Скарыны”.
Каштоўныя тамы, кожны з якіх – дакладнае ўзнаўленне кніг вядомага першадрукара, перадаў генеральнаму дырэктару Берлінскай дзяржаўнай бібліятэкі Барбары Шнайдэр-Кемпф дырэктар НББ Раман Матульскі.
Вяртанне і захаванасць культурнай спадчыны – прыярытэтны напрамак дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яскравым прыкладам яго паспяховай рэалізацыі стаў сумесны выдавецкі праект Нацыянальнай бібліятэкі і Банка БелВЭБ па ўзнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.
У выніку цеснага партнёрскага супрацоўніцтва (2013-2017) у год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання выканаўцы праекта зрабілі сусветнай грамадскасці каштоўны падарунак – факсіміле „Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Унікальны шматтомнік – гэта не толькі адлюстраванне гісторыі кнігадрукавання, але і каштоўны пласт культурнай спадчыны беларускага народа, базавая крыніца для гістарычных, філалагічных і культуралагічных даследаванняў.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Германіі Дзяніс Сідарэнка, саветнік пасольства Аляксей Барбук і кіраўнік аддзялення Усходняй Еўропы дзяржаўнай бібліятэкі Берліна Олаф Хаман.
