Безыменны помнік “савецкім грамадзянам” – ахвярам гета ў Астроўне
27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту. У гэту жалобную дату ў Беларусі згадваюць пра тысячы закатаваных мясцовых жыхароў-габрэяў, якія сталі вязнямі шматлікіх гета падчас Другой Сусветнай вайны. Дакладная колькасць ахвяраў не вядомая нават навукоўцам. І пра належнае ўшанаванне памяці мала дбае беларуская ўлада: на месцах масавых расстрэлаў дагэтуль стаяць безыменныя помнікі “савецкім грамадзянам”.
Пра адзін з такіх помнікаў у мястэчку Астроўна на Віцебшчыне распавяла аматарка гісторыі Ірына Аляксандрава:
– Увогуле ўсе гэтыя месцы імкнуліся не афішаваць пры Савецкім Саюзе, ставілі помнікі “расстраляным мірным жыхарам”. Але цяпер ён мае выгляд, варты жалю, і там не напісана, што гэта былі габрэі… У наш час гэта проста непавага да памяці, безыменнае, безасабовае нешта.
Гэты помнік быў усталяваны яшчэ ў 1956-м годзе, ён стаіць на брацкай магіле 300 чалавек, вязняў Астровенскага гета, расстраляных 30 верасня 1941-га году — знарок напярэдадні свята Рош ха-Шана, габрэйскага Новага году. Імёны 166-ці пахаваных тут людзей высветліў бешанковіцкі краязнаўца Станіслаў Леаненка, пра лёсы некаторых ахвяраў распавядаюць іх сваякі. Ёсць усе падставы, каб замяніць стары абеліск з цэглы і бетону на больш сучасны памятны знак. Але для гэтага патрэбная палітычная воля і больш адказнае стаўленне да праблемы Халакосту.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск