Біблейскае таварыства ў Беларусі працуе над адзіным перакладам Святога Пісання
Хрысціянскае рэлігійнае брацтва „Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь” вядзе перамовы з прадстаўнікамі розных канфесій аб удзеле ў міжканфесійнай камісіі па падрыхтоўцы адзінага для ўсіх хрысціян перакладу Бібліі, паведаміў выканаўчы дырэктар арганізацыі Ігар Міхайлаў.
„Не ўсё яшчэ далучыліся, пакуль агульнай згоды няма. Але мы працуем над гэтым, пастараемся нешта зрабіць. Думаю, у найбліжэйшыя месяцы ўсё праясніцца, тады ўжо можна будзе сказаць пэўна, хто будзе працаваць над перакладам”, — сказаў ён.
Пра намер стварыць адзіны для ўсіх хрысціян пераклад Святога Пісання Міхайлаў упершыню заявіў 20 студзеня ў час экуменічнага набажэнства ў менскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён паведаміў, што ўдзельнічаць у працы міжканфесійнай перакладчыцкай камісіі пагадзіліся каталікі, грэка-каталікі і баптысты. Апроч іх да працы планавалі падключыць прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, а таксама адвентыстаў і пяцідзясятнікаў.
„У кожнай з канфесій ужо ёсць свае пераклады Новага Запавету, але тэрміналогія часта адрозніваецца. Міжканфесійная камісія будзе рабіць пераклад са старажытнаяўрэйскай мовы і параўноўваць яго з Септуагінтай (александрыйскі збор перакладаў Старога Запавету на старажытнагрэцкую мову III—I стагоддзяў да нашай эры. — БелаПАН.). Спадзяюся, што з дапамогай дыялогу нам удасца перакласці ўсю Біблію цалкам. Калі ж не, то мы створым хоць каркас, які кожная канфесія зможа выкарыстаць, уставіўшы ў яго сваю тэрміналогію”, — заявіў у студзені Міхайлаў.
Біблейскае таварыства было створанае ў 1992 годзе. Яго заснавальнікамі выступілі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій: праваслаўныя, каталікі і грэка-каталікі, евангельскія хрысціяне-баптысты, хрысціяне веры евангельскай, адвентысты сёмага дня. Таварыства займаецца распаўсюджваннем Бібліі, дабрачыннымі праграмамі па забеспячэнні людзей духоўнай літаратурай, асветніцкай і папулярызатарская працай, перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасцю.
belapan.by