Бібліяноч на Слонімшчыне з прэзентацыяй кнігі пра Міколу Арочку



У філіяле “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Сялявічы” Слонімскага раёна адбылася бібліяноч з прэзентацыяй кнігі Сяргея Чыгрына “Дзяліў трывогу і настрой: Мікола Арочка на фотаздымках”.

Перад пачаткам мерапрыемства прысутныя змаглі паглядзець выставу вырабаў з саломы таленавітага мясцовага майстра Валянціны Мароз, фотавыставай Сяргея Клёсава “Краявіды роднага краю”, пазнаёміцца з выставамі літаратуры “Любая Радзіма”, “Наш край на таленты багаты”, “Кнігі ў дар ад пісьменнікаў Слонімшчыны” і летапісам літаратурна-музычнай гасцёўні “Сябрына”.

Вядучая мерапрыемства Ірына Каранец шчыра вітала прысутных вясковай бібліяночы. Ганаровым госцем свята быў літаратуразнаўца, гісторык, краязнавец, перакладчык і журналіст Сяргей Чыгрын, які прэзентаваў сваю новую кнігу “Дзяліў трывогу і настрой: Мікола Арочка на фотаздымках”.

Сяргей Чыгрын распавёў пра доктара філалагічных навук Міколу Арочку, пра яго выданні і пра тое, што ў фотаздымках пісьменніка адлюстраваны ўвесь яго жыццёвы шлях.

Віншавальныя нумары для ўдзельнікаў мерапрыемства падрыхтавалі работнікі філіяла “Сялявіцкі цэнтр культуры”, а юныя чытачы бібліятэкі Ангеліна Мялешка і Ангеліна Сяркевіч прачыталі вершы на роднай мове. Напрыканцы вечара самыя актыўныя чытачы бібліятэкі атрымалі падарункі і граматы лепшага чытача “За адданасць і любоў да кнігі, чытання ў бібліятэцы”.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара