Слонімская бібліятэка імя Якуба Коласа адзначыла юбілей
Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Якуба Коласа ў пятніцу, 28 лістапада, адзначыла 70-гадовы юбілей.
Урачыстасці з гэтай нагоды адбыліся ў літаратурна-музычнай гасцёўні бібліятэкі. Іх адкрыла дырэктар Слонімскай бібліятэчнай сістэмы Ларыса Рэпінская. Выступоўца адзначыла, што Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка прайшла вялікі гістарычны шлях. А сёння бібліятэка з’яўляецца інфармацыйным, адукацыйным, сацыякультурным цэнтрам Слонімшчыны, месцам культурнага адпачынку насельніцтва. У бібліятэцы актыўна працуюць аддзел абслугоўвання і інфармацыі, абанементны, чытальная зала, публічны цэнтр прававой інфармацыі, інтэрнэт-клас, гасцёўня, аддзел бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу, аддзел камплектавання, а таксама адзіны на Гродзеншчыне музей беларускай кнігі ў бібліятэцы. Адзін з залаў музея прысвечаны жыццю і творчасці Якуба Коласа, другі – літаратурнай Слонімшчыне.
З юбілем бібліятэкі слонімцаў павіншавала ўнучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч, якая прэзентавала сваю кнігу “І бачу пройдзеныя далі…”. Госця распавядала пра свайго знакамітага дзеда і пра сваю кнігу, дзе надрукаваны лісты Якуба Коласа і Марыі Дзмітраўны да старэйшага сына Данілы Міцкевіча, лісты і допісы Данілы Міцкевіча, пісьмы іншых асоб, дарчыя надпісы Д.К.Міцкевічу.
З юбілеем бібліятэкі шчыра віншавалі пісьменнік і гісторык Сяргей Чыгрын, вядомы беларускі бард Зміцер Бартосік, а таксама чытачы і бібліятэкары.
Падчас свята былі наладжаны і працавалі фотавыстава “Сучасная бібліятэка: асобы і падзеі”, кніжныя выставы ”Літаратурная палітра”, “Скарбы кніжных паліц”, выстава карцін-вышыванак Валянціны Бондар, працаваў паэтычны аўдыёзоркапад на словы слонімскіх паэтаў.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара.