Бібліятэкам Гомельшчыны перадалі „Галасы Утопіі” Святланы Алексіевіч



17 студзеня ў Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна адбылася ўрачыстая перадача камплектаў кніг „Галасы Утопіі” лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч.

Серыя была выдадзеная на беларускай мове пасля паспяховай краўдфандынгавай кампаніі, на якой было сабрана ў пяць разоў больш сродкаў, чым трэба для выдання. Перакладамі кніг на беларускую займаліся лепшыя айчынныя літаратары — Андрэй Хадановіч, Сяргей Дубавец, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч і Валянцін Акудовіч. Кнігі пабачылі свет у выдавецтве „Логвінаў”, без цэнзарскіх правак, якіх было шмат пры ранейшых выданнях.

15 тысяч кніг выкупіў „Белгазпрамбанк” для раздачы ў бібліятэкі Беларусі. Дзве вобласці — Гарадзенская і Берасцейская — адмовіліся ад кніг.

У Гомельскую абласную бібліятэку былі перададзеныя 17 студзеня 493 камплекты кніг. Яны будуць распаўсюджаныя па бібліятэках вобласці.

Старшыня праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка на цырымоніі выказаўся пра „дзіўны лёс, які звязвае дзве рэчы — герояў кніг Святланы Алексіевіч ва ўсіх яе творах і вось гэтае выданне яе кніг”. „Іх агульнасць у нейкай ступені трагічная. Як тут ужо казалі — героі аповесцяў вельмі хацелі быць шчаслівымі, і ў іх гэта ніяк не атрымлівалася. Так і лёс кніг у Беларусі нобелеўскага лаўрэата, калі дзве вобласці адмовіліся прымаць кнігі ў дарунак. Якая трагічная лёс. Я ўпэўнены — людзі хочуць, але не разумеюць, не могуць быць шчаслівымі, не могуць любіць герояў сваёй краіны. Вось гэты трагізм — ён прасочваецца”, — падкрэсліў Бабарыка.

Ён рады, што кнігі дайшлі да чытачоў Гомельскай вобласці — роднай для Алексіевіч, тут прайшло яе дзяцінства і маладосць. Старшыня праўлення банка заўважыў, што ўлада прыходзіць і сыходзіць, а нобелеўскія лаўрэаты застаюцца назаўжды.

Выдавец Ігар Логвінаў распавёў пра гісторыю перакладу кніг. „Мы свядома вырашылі не прыцягваць прафесійных перакладчыкаў, а прыцягнуць моцныя галасы — ёсць беларускія літаратары, чый голас моцны, вядомы і паважаны. Кожны перакладчык сам абраў для сябе кнігу, і зрабіў працу хутка і якасна”, — заўважыў Логвінаў.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў распавёў, што пазнаёміўся са Святланай Алексіевіч у цяжкія для абодвух часы: яе цягалі па судах за кнігу „Цынкавыя хлопчыкі”, а пісьменніка пагражалі пасадзіць у турму за тое, што жыў у Мінску без прапіскі — пасля выступу на „Дзядах” у 1988 годзе. Алексіевіч напісала заяву, што гатова прапісаць Арлова ў сваёй кватэры. Ёй гэта не дазволілі. Але атрымалася пацягнуць час.

Таксама Арлоў успамінаў, як ездзіў разам з Алексіевіч на міжнародныя сустрэчы і кангрэсы, па Беларусі, і як два гады таму Гомельская абласная бібліятэка адмяніла сустрэчу чытачоў з нобелеўскім лаўрэатам. „Але сёння мы тут, у гэтых сценах. Гэта значыць, што часы мяняюцца”, — дадаў пісьменнік.

З адметных рысаў Алексіевіч ён адзначыў „вернасць сабе, сваёй грамадзянскай і эстэтычнай пазіцыі, вернасць сваёй тэме, жанру, пісьменніцкай оптыцы”. „Вось гэтая вернасць, я лічу, і дапамагла ёй атрымаць Нобелеўскую прэмію”, — падкрэсліў Уладзімір Арлоў.

belapan.by