Бібліятэкары Слонімшчыны пазнаёміліся з кнігай свайго земляка
У Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася прэзентацыя кнігі “Хочацца дахаты” слонімскага літаратара, гісторыка і краязнаўца Сяргея Чыгрына. На прэзентацыі прысутнічалі сельскія і гарадскія бібліятэкары Слонімскага раёна.
Літаратурную сустрэчу адкрыла дырэктар Слонімскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ларыса Рэпінская, якая выказала падзяку Сяргею Чыгрыну за плённае супрацоўніцтва з бібліятэкарамі Слонімшчыны, сказала шчырыя словы пра яго даследаванні і кнігі.
Сам аўтар новага выдання “Хочацца дахаты” распавёў пра нядаўнія літаратурна-краязнаўчыя знаходкі, цікава і змястоўна згадаў аб лёсе сваіх землякоў-літаратараў, адказаў на пытанні прысутных, а таксама падараваў музею беларускай кнігі, які дзейнічае ў бібліятэцы, некалькі сваіх кніг.
Да сустрэчы бібліятэкары арганізавалі выставу кніг Сяргея Чыгрына і мультымедыйную прэзентацыю, якая расказала аб творчасці слонімскага літаратара.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара.
