Бібліятэкі, як кавярні, выходзяць на вуліцы
Кнігу ў народ, у прамым сэнсе, нясе Пінская цэнтральная гарадская бібліятэка. “Лета пад бібліятэчным парасонам” – такую назву мае вулічная чытальная зала, якую па аўторках і чацвяргах, у залежнасці ад надвор’я, ладзіць установа. Сэнс у тым, каб кожны мінак, не заходзячы ў бібліятэку, меў магчымасць пацікавіцца нейкім выданнем або перыядычным друкам.
“У сённяшні час бібліятэка мусіць рабіць розныя мерапрыемствы, каб прыцягваць увагу грамадства”, – адзначыў сталы чытач Мікалай:
– Бібліятэка тое месца – дзе можна пасідзець і папрацаваць. Дома, па розных прычынах, такой магчымасці проста няма. Вельмі часта нешта замінае. Найбольш аптымальная, найбольш эфектыўная гуманітарная праца заўжды адбывалася ў бібліятэцы.
Упершыню аналагічную акцыю пінскія бібліятэкары ладзілі летась. Тады чытацкая актыўнасць была не такая, як чакалі, але летняя чытальная зала была добра ўспрынятая, таму сёлета зноў вырашылі зладзіць чытанне кніг на свежым паветры.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота www.libdyatlovo.grodno.by