Бібліятэцы ў Шклове нададуць імя Міхася Зарэцкага



З 2001 года Шклоўская раённая ГА “Таварыства беларускай мовы імя Фрацыска Скарыны” спрабуе ўшанаваць на Шклоўшчыне імя беларускага празаіка, драматурга, перакладчыка і крытыка Міхася Зарэцкага (1901-1937). Але на працягу 18 гадоў гэта на Шклоўшчыне не ўдавалася зрабіць і разварушыць вертыкальшчыкаў.

Справа ў тым, што маленства Міхася Зарэцкага прайшло ў вёсцы Зарэчча каля Шклова (цяпер гэта частка Шклова). Адсюль і псеўданім пісьменніка – Зарэцкі. Тут ён пачаў пісаць свае першыя творы.

Міхась Зарэцкі – адзін з таленавітых беларускіх пісьменнікаў 1920-х-1930-х гадоў. Напісаў і выдаў шэраг кніг апавяданняў, а таксама раманы “Сцежкі-дарожкі” і ”Вязьмо”. Быў расстраляны ў кастрычніку 1937 года.

І вось нарэшце Шклоўскі райвыканкам  “зрабіў ласку”. На імя мясцовага ТБМ прыйшоў ліст, дзе паведамляецца, што ў 2021 годзе Шклоўскай гарадской бібліятэцы № 1 нададуць імя Міхася Зарэцкага. Тым больш, што ў 2021 годзе яму спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.

Беларускае Радыё Рацыя, Шклоў