БХД пачынае акцыю “Народная Біблія”
Сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянскай дэмакратыя, былі палітвязень Павел Севярынец прапанаваў актывістам Бярозаўшчыны ўключыцца ў акцыю “Народная Біблія”, прымеркаваную да 500-годдзя Бібліі Францыска Скарыны.
Кожны ўдзельнік акцыі ад рукі мусіць перапісаць раздзел Бібліі па-беларуску, кажа Павел Севярынец:
– У Бібліі 1189 раздзелаў, у выніку да 2017 года мы плануем, каб па кожным раздзеле па-беларуску з розных перакладаў беларускіх Бібліяў была складзеная адна. 1189 беларусаў. Бог адзіны. Мова адна. Краіна адна. Народ адзін.
Па словах Анатоля Сахарушы з Малеча, актывісты адобрылі такую ідэю і збіраюцца яе падтрымаць:
– Прыблізіць людзей да Бога, да веры. Людзі можа трошкі задумаюцца пра сваё жыццё, пра будучыню сваіх дзяцей, сваіх унукаў і пра сваю будучыню. Думаю, што гэта пойдзе толькі на карысць людзям.
Да напісання Народнай Бібліі прыцягваецца шырокае кола людзей з розных партый, з розных цэркваў, з розных канфесій. Ушанаванне знамянальнай даты – 500 год Бібліі Скарыны адбудзецца ў 2017 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя