“Боль Памяці”: з’явілася кніга пра лёс габрэяў Гарадзеншчыны



Аўтарам кнігі пра лёс габрэйскага насельніцтва Гарадзенскай вобласці і вядомых людзей, што перажылі Халакост, якая мае назву “Боль Памяці”, з’яўляецца стваральнік Музея гісторыі габрэйства Беньямін Ерузалем.

Пра адметнасць выдання распавядае аўтар:

– Кніга – гэта вынік 9-гадовай працы Музея гісторыі габрэяў Гарадзеншчыны. Гадамі прыйшлося здабываць матэрыял па-рознаму: хтосьці прыслаў кнігу, хтосьці проста падарыў, жонка аднаго вязня, які пайшоў з жыцця, падарыла чатырохгадзінны запіс яго ўспамінаў. У мяне загінула 20 чалавек сям’і ў вайну. Гэта закранула мяне вельмі. Акрамя таго, што я збіраў гісторыі людзей, праз сябе ўсё прапусціў. Вось так нарадзілася гэтая кніжка.

Па словах Беньяміна Ерузалема, у кнізе сабраныя ўнікальныя ўспаміны гарадзенцаў, што перажылі Халакост:

– Кніга носіць навукова-пазнавальны характар. Кніга – лёсы 13 чалавек. Прычым, з іх 8 –  фота і лёс чалавека, кароткая біяграфія. І яго расказ, што ён перажыў. А яны ж усе былі вязнямі Гарадзенскага гета і канцлагераў. Хтосьці з іх прайшоў па тры канцлагеры.

Кніга “Боль Памяці” выйшла невялікім накладам, дзякуючы выдавецтву “Літара”. Набыць яе магчыма ў аўтара ды ў Музеі габрэяў, што дзейнічае пры гарадзенскай харальнай сінагозе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча