Браслаў рыхтуецца да рок-фестывалю



У Браславе 1-га і 2-га ліпеня адбудзецца маштабны рок-фестываль. Арганізатары паставілі сабе мэту – сабраць на опэн-эйры лепшых прадстаўнікоў аўтарскай рок-музыкі Беларусі. Двухдзённы канцэрт будзе праходзіць на маляўнічым беразе возера Дрывяты з 15 гадзін да позняй ночы. На “Магутным Фэсце” адыграе больш за 20 беларускіх гуртоў. Сярод іх гурт Re1ikt, паведаміў яго лідар Алесь Дземідзенка.

На Браслаўскіх азёрах, вядома, можна зрабіць музычную імпрэзу, дзе можна аб’яднаць рок-музыку і добры вольны час. Гэта класная ідэя. І мне вельмі хацелася б, каб такія фэсты пашыраліся, іх было больш і праводзіліся яны таксама ў незвычайных месцах. Памятаю, мы бралі ўдзел у лепельскім летнім фэсце, які быў таксама класны. Такі адпачынак трэба папулярызаваць у Беларусі і сярод беларусаў, каб яны праводзілі свой час тут, на сваёй радзіме. Тут таксама крута, і неабавязкова ехаць за мяжу.

Акрамя гурта Re1ikt, на рок-фестывалі ў Браславе выступяць таксама гурты The Road Dogs, Yann Zhanchak, Weesp, NewLevel, Tok Rukoo ды іншыя. Апроч музыкі, у праграме фестывалю ёсць катанне на маторных лодках ды розныя зоны харчавання. Таксама ў межах мерапрыемства арганізатары збіраюцца зняць фільм пра беларускую андэрграўндную рок-сцэну. Квіток на 2 дні каштуе 10 рублёў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя