Бразільцам пра выдатных беларускіх жанчын
У сталіцы Бразіліі адкрылася мультымедыйная выстава «Беларусь: у дэмакратыі жаночае аблічча». Яна працягнецца да 1 лістапада, акрамя дэманстрацыі прац беларускіх фотакарэспандэнтаў наперадзе яшчэ запланаваныя некалькі падзеяў. Выстава распавядае пра Беларусь восенню 2020 года, а таксама ўводзіць у кантэкст жыхароў краіны на Лацінскім кантыненце. Расказвае арганізатарка выставы Вольга Алешка-Лесселс, беларуска, якая там жыве:
– Гэта не толькі выстава фотаздымакаў, у нас таксама ёсць відэаінсталяцыі, мы інсцэніравалі турэмную камеру, таксама ёсць інтэрактыўны элемент – напісаць ліст палітычнаму зняволенаму ў Беларусі. Усе наведвальнікі выставы могуць не толькі паглядзець здымкі, але таксама нібы акунуцца ў рэаліі сённяшняй Беларусі і ў тое, што праходзяць палітзняволенныя ў Беларусі.
На выставе «Беларусь: у дэмакратыі жаночае аблічча» у сталіцы Бразіліі экспануюцца працы Ірыны Арахоўскай, Юліі Савіч, Караліны Паляковай, Вадзіма Заміроўскага, Аляксандра Саенкі. Фотаздымкі адлюстроўваюць атмасферу мірных жаночых маршаў, крэатыўнасць пратэстаў, сілу, салідарнасць і годнасць беларускіх жанчын.
Беларускае Радыё Рацыя