„Брудныя танцы” ад „Terrakod”
Берасцейскі гурт “Terrakod” прадстаўляе ў новым сезоне аўдыёчату слушнага музычнага парталу “Tuzin.fm” сваю песню-візітоўку “Брудныя танцы”, у якой закладзены асноўны сэнс іх творчасці.
Пра гэта прадстаўнікі гурту паведамілі праз афіцыйную суполку ў “Вконтакте”.
Нягледзячы на невялікую колькасць іхніх канцэртаў, музыкі паступова ўдасканальваюць сваю творчасць, – кажа ўдзельнік гурту Алесь (Байсан) Плотка:
– Канешне, як і ў кожнага гурта, рэпутацыя напрацоўваецца. Ты не можаш сёння трапіць у рок-гурт, а заўтра прачнуцца зоркай. За вельмі рэдкім выключэннем. Наш дырэктар робіць вялікую, руплівую стратэгічную працу ў гэтым кірунку.
Двума месяцамі раней, падчас прэзентацыі “Паспалітага альбому” у Берасці, музыкі ўжо выконвалі гэтую песню. На тым канцэрце разам з “Terrakod” выступіў гурт “Relikt” ды іншыя каманды. Неўзабаве “Брудныя танцы” пачуюць у Польшчы ды Украіне.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота tuzin.fm