Brutto не дазволілі выступіць з канцэртам у Менску
Гарадскія ўлады не выдалі гастрольнае пасведчанне Brutto на заяўлены канцэрт у Палацы спорту на 27 траўня.
„Мы вырашылі рабіць канцэрт у Палацы спорту, бо гэта была адзіная пляцоўка, якая адказала на пытанне пра наяўнасць свабодных датаў. Менгарвыканкам нам параіў менавіта яе. Мы абралі 27 мая, на наступны дзень пасля канцэрту гурту „Звери”, каб не разбіраць сцэну і гук са святлом”, – распавёў прадзюсар Антон Азізбекян tuzin.fm.
Заява гурту разам з тэкстамі была разгледжаная і ў выніку незадаволеная.
„Нам далі адказ са спасылкай на інфармацыю, якую прадаставіў Палац спорту, што дата, якую дала пляцоўка ў выніку апынулася занятай мантажам абсталявання. І сказалі, каб мы выбіралі іншую дату. Ад ідэі правядзення канцэрту ў Менску мы не адмаўляемся – цяпер узгадняем іншую дату. У нас няма адчування бегу па зачараваным коле. І сам я аптыміст ды рэаліст. За намі праўда і мы нічога не парушылі, у адрозненні ад „Ленинграда”. Мы пяць год тут не выступалі і хочам спяваць у сваёй краіне. І ў мяне ёсьць унутранае адчуваньне, што так і будзе. Я яму заўжды давяраю”, – кажа Антон Азізбекян.