Будслаўскі фэст адбудзецца нягледзячы на часовае закрыццё касцёла



Традыцыйны Будслаўскі фэст сёлета адбудзецца, нягледзячы на часовую немагчымасць выкарыстоўваць будынак пацярпелага ад пажару нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай (касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі), паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

„Нягледзячы на тое, што эксплуатацыя пацярпелага ад пажару санктуарыя ў Будславе цалкам забаронена, урачыстасці ў гонар апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай пройдуць без зменаў — 2 і 3 ліпеня, — адзначана ў паведамленні. — 14 красавіка на 80-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі былі вызначаны асноўныя асаблівасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, якія яшчэ будуць удакладняцца ў сувязі з наступствамі пажару”.

Паведамляецца, што ўрачыстасці запланавана правесці „ў традыцыйным фармаце, але з захаваннем належных санітарных прадпісанняў і без арганізаваных пілігрымак”. „Пры гэтым усе ахвотныя могуць ладзіць пілігрымкі ў індывідуальным парадку. Так было ўжо ў мінулым годзе, калі ўпершыню ў новай гісторыі Будслаўскага фэсту з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў нацыянальны санктуарый не ішлі вялікія арганізаваныя групы пілігрымаў”, — падкрэслівае каталіцкі партал.

Урачыстасць ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, альбо Будслаўскі фэст, унесеная ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

11 мая ў будслаўскім касцёле здарыўся пажар, з-за якога абваліўся дах. Абраз Маці Божай Будслаўскай, найсвяцейшы сакрамэнт ды іншую маёмасць паспелі вынесці. Паведамленне пра пажар паступіла ў МНС у 7.47. У 11.24 пажар быў лакалізаваны, у 15.21 — ліквідаваны. Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі папрасіла вернікаў дапамагчы ў аднаўленні касцёла.

Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу паводле ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры). Для ўстанаўлення прычыны пажару прызначаная комплексная пажарна-тэхнічная экспертыза.

12 мая па выніках экстраннай нарады пры курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі створаная спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла. Камісію ў складзе васьмі асоб ачоліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

У той жа дзень касцёл наведаў апостальскі нунцый ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прадстаўнік папы Францішка паабяцаў „сваю дапамогу і падтрымку ў справе аднаўлення пашкоджанай пажарам базілікі і адраджэння духоўнага жыцця ў беларускім Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай”.

Рэквізіты для пералічэння ахвяраванняў на аднаўленне і рэстаўрацыю санктуарыя апублікаваныя партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі і на старонцы ў Instagram дабрачыннага таварыства Caritas Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

belapan.by

Фота katolik.life