Будслаўскі фэст перад храмам без даху
Некалькі дзясяткаў тысяч пілігрымаў сабраў сёлета Будслаўскі фэст. Урачыстасці на Мядзельшчыне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай адбыліся традыцыйна, нягледзячы на пандэмію каронавірусу і пажар у санктуарыі. Праўда ладзіліся яны выключна на свежым паветры.
Сёлета ў Будслаў з-за пандэміі не было арганізаваных пілігрымак (акрамя дзвюх), але людзі самаарганізаваліся і прыехалі або прыйшлі на гэтае святое месца з розных куткоў Беларусі. Самай працяглай пілігрымка была ў Генадзя Бервячонка, які ішоў з Росіцы ў Будслаў 8 дзён.
– Прайшоў у тым годзе, і ў гэтым годзе таксама я меў такую магчымасць, Гасподзь мне дазволіў прайсці гэтым шляхам, гэтую пілігрымку з Росіцы ў Будслаў. Гэтая пілігрымка доўжылася восем дзён, прыкладна 240 кіламетраў. Я маліўся за нашу краіну, за супакой, за згоду, за ўзаемаразуменне ў нашай краіне. І таксама каб Маці Будслаўская бараніла нашу краіну і ўвесь свет ад гэтай праблемы – пандэміі каронавіруса.
Як зазначыў пробашч Будслаўскай парафіі Зміцер Дубовік, сёлета чакалася прыняць у Будславе каля 30 тысяч пілігрымаў.
– Незвычайна можа тое, што ў касцёл немагчыма зайсці. А іншыя рэчы, думаю, тыя ж самыя, бо калі чалавек першы раз трапляе ў Будслаў і кажа, што плакаць хочацца, бо даху няма, я думаю, што пахадзіўшы паўгадзіны ўжо не надта хто перажывае, мы ўжо тут як кожны дзень, то прызвычаіліся да гэтага, але хочацца хутчэй зрабіць. Адзінае, што заўважыў, асабліва днём вельмі шмат людзей было да споведзі, шмат людзей сабралася, якія моляцца тут перад касцёлам, таму, я думаю, гэта добрая магчымасць людзям, хто верыць, – памаліцца, хто хоча паглядзець, – паглядзець.
На фэст у Будслаў прыехалі ўсе вышэйшыя кансэкраваныя асобы, у тым ліку арцыбіскупы Тадэвуш Кандрусевіч, Казімір Вялікаселец, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Алег Буткевіч ды іншыя. Галоўную імшу ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Будслаўскі фэст унесены ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Праводзіцца ён два дні, у першую пятніцу і суботу ліпеня.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя