Будучыя медыкі слухалі Сяргея Чыгрына
Навучэнцы і выкладчыкі Слонімскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа сустрэліся са сваім земляком літаратарам, гісторыкам, краязнаўцам і журналістам Сяргеем Чыгрыном. Сустрэча адбылася ў мясцовым краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага.
Сустрэчу распачала дырэктар музея Наталля Рыжак, якая распавядала пра Сяргея Чыгрына і яго творчасць. А госць пачаў сустрэчу з таго, аб чым найперш хацелася б будучым медыкам і выкладчыкам даведацца. А потым ішла цікавая гутарка пра лёс слонімскіх скарбаў, якія за апошнія два стагоддзі зніклі з нашых музеяў, храмаў і палацаў Пуслоўскіх і Слізьняў. Распавядаў Сяргей Чыгрын не толькі пра слонімскія скарбы, але і пра беларускія ў цэлым: калі яны знікалі, хто Беларусь рабаваў і вывозіў нашы нацыянальныя рэліквіі, дзе яны знаходзяцца, і ў якіх краінах яны сёння захоўваюцца.
Пыталіся ў госця і пра літаратурную творчасць, пра нашу гісторыю, пра падзямеллі беларускіх гарадоў, якія зберагаюць шмат таямніц.
У канцы сустрэчы дырэктар медыцынскага каледжа Андрэй Грыпіч шчыра падзякаваў Сяргея Чыгрына за цікавую сустрэчу з надзеяй, што яны і надалей будуць працягвацца.
Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара